Мінск 20:51

РФ адтэрмінавала патрабаванне да сваіх імпарцёраў уносіць заклад перад пастаўкай тавараў з Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

30 траўня, Позірк. Патрабаванне ўносіць заклад перад пастаўкай тавараў з Беларусі для расійскіх імпарцёраў адтэрмінаванае, вынікае з пастановы ўрада РФ № 641, прынятай 29 траўня.

Згодна з гэтым дакументам, імпарцёры вызваленыя ад унясення забеспячальных плацяжоў пры ўвозе ў Расію пэўных тавараў з краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) у перыяд з 1 па 30 чэрвеня 2026 года.

Пры гэтым, калі пастаўшчык — арганізацыя або індывідуальны прадпрымальнік з Беларусі, а тавар увозіцца непасрэдна праз беларуска-расійскую мяжу, то ўносіць забеспячальны плацеж не трэба ў перыяд з 1 чэрвеня па 31 кастрычніка 2026-га.

17 красавіка 2026 года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў федэральны закон № 101-ФЗ, мэта якога, як сцвярджаецца, у тым, каб прадухіліць ухіленне ад выплаты падаткаў (ПДВ і акцызаў) пры імпарце, а таксама забяспечыць законнасць абароту тавараў, якія ўвозяцца з краін ЕАЭС.

Закон заклаў аснову сістэмы пацверджання чакання пастаўкі тавараў (СПЧТ). У адпаведнасці з гэтай сістэмай перад увозам тавару з ЕАЭС імпарцёр павінен падаць электронную заяўку на ажыццяўленне пастаўкі, унесці забеспячальны плацеж (заклад, які складае не менш за суму ўсіх падаткаў, якія давядзецца заплаціць за гэты тавар) і перадаць перавозчыку атрыманы штрых-код, які пацвярджае паспяховае здзяйсненне дзвюх папярэдніх аперацый. Толькі ў такім выпадку тавар можа быць легальна ўвезены ў краіну.

Пасля імпарцёр, у якога замарожаная (па сутнасці вынятая з абароту) частка сродкаў — не менш за суму патэнцыйных падаткаў за тавар, павінен будзе заплаціць непасрэдна самі падаткі за пастаўленую прадукцыю. Толькі пасля гэтага ён можа прэтэндаваць на вяртанне закладу.

Дзеянне закону распаўсюджваецца на тавары, якія будуць увозіцца з 1 чэрвеня 2026 года. Прынятая напярэдадні гэтай даты пастанова ўрада РФ адсоўвае тэрмін увядзення гэтых патрабаванняў, часова робячы імпарт з Беларусі больш выгадным, чым імпарт з іншых краін ЕАЭС.

Варта адзначыць, што патрабаванні сістэмы СПЧТ не распаўсюджваюцца на наяўныя грошы і грашовыя прылады; нафту і нафтапрадукты; электраэнергію; тавары, якія перамяшчаюцца трубаправодным транспартам; тавары для асабістага карыстання (калі не прызначаныя для продажу праз маркетплэйсы); тавары, якія “складаюць дзяржаўную таямніцу”; тавары для дыппрадстаўніцтваў і міжнародных арганізацый; тавары, якія накіроўваюцца з адной краіны ЕАЭС у іншую транзітам па РФ; тавары, якія перамяшчаюцца паміж Калінінградскай вобласцю РФ і астатняй Расіяй.

Падзяліцца: