Мінск 17:12

Баркоўскі прапанаваў умацоўваць сувязь беларусаў і ўкраінцаў праз мову, адукацыю, культуру і агульныя наратывы

Ілюстрацыя: часопіс VSU Online

30 траўня, Позірк. Чатыры кірункі для паляпшэння ўзаемадзеяння паміж беларускім і ўкраінскім народамі прадставіў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі 27 траўня ў Кіеве на сустрэчы з членамі камітэта Вярхоўнай рады Украіны па пытаннях еўраінтэграцыі і дэпутатамі міжфракцыйнага аб’яднання “За дэмакратычную Беларусь”.

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, у сустрэчы, якая адбылася ў рамках візіту ва Украіну дэлегацыі на чале з Святланай Ціханоўскай, таксама ўдзельнічалі дарадца беларускага дэмлідара па парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька, кіраўніца Місіі дэмсіл у Кіеве Святлана Шаціліна, прадстаўніца АПК па сацпалітыцы Вольга Зазулінская і яе намесніца Анастасія Махамет, глава апарата кабінета Валер Мацкевіч.

Першым ключавым момантам для лепшага ўзаемадзеяння Баркоўскі назваў пэўны статус беларускай мовы. “Не толькі як мовы беларускай меншасці, а шырэй — на дзяржаўным узроўні, каб пазбегнуць фактаў яе дыскрымінацыі на лакальным узроўні ў дзяржаўных установах і службах Украіны. Падчас сустрэчы прыводзіліся канкрэтныя кейсы”, — адзначыў АПК.

Другім момантам прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні назваў “паляпшэнне ўмоў для адукацыі беларусаў”. У гэтым кантэксце ён выказаўся за вяртанне да “аднабаковага прызнання дакументаў аб адукацыі, выдадзеных у Беларусі, для аблягчэння паступлення беларусаў у навучальныя ўстановы Украіны”, стварэнне “спрыяльных умоў для навучання беларусаў па шэрагу спецыяльнасцяў ва ўніверсітэтах Украіны”, а таксама за стварэнне “пляцовак для супольнага абмеркавання праграм рэформаў адукацыі з украінскімі экспертамі”.

Яшчэ аднім ключавым момантам Баркоўскі лічыць “адназначны сігнал пра важнасць і дапушчальнасць <…> кантактаў паміж арганізацыямі і фондамі Украіны і беларускай незалежнай культурніцкай супольнасцю”, які б мог даслаць украінскі бок. “Напрыклад, праз стварэнне спецыяльнай праграмы ці фонда падтрымкі сумесных украінска-беларускіх культурных праектаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Чацвёртым момантам прадстаўнік АПК назваў кірунак супрацы ў інфармацыйным полі. Была агучаная прапанова стварыць стала дзейную міжнародную групу, якая б “займалася распрацоўкай супольных наратываў, агульнымі дзеяннямі па паляпшэнні іміджу беларускага і ўкраінскага народаў у вачах адзін аднаго і інфармацыйным супрацівам варожай прапагандзе”.

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, сустрэча прайшла ў прысутнасці спецпасланніка Украіны па Беларусі Яраслава Чарнагора, а таксама суддзі Канстытуцыйнага суда Юрыя Барабаша. Заяўлена, што ў асноўным размова тычылася “вырашэння сацыяльных пытанняў, легалізацыі, пастаяннага пражывання і паляпшэння ўмоў знаходжання грамадзян Беларусі ва Украіне”.

Асобна былі абмеркаваныя пытанні “еўрапейскага выбару”, “канстытуцыйных рэформаў і стварэння ў будучыні” ў Беларусі “прававой дэмакратычнай дзяржавы”. Баркоўскі падкрэсліў, што “на працягу апошніх 20 гадоў” беларусы “ў цэлым станоўча” ставяцца да ідэі еўраінтэграцыі, нягледзячы на “жорсткую антыеўрапейскую прапаганду і дэзынфармацыю, якую пашыраюць праўладныя і пракрамлёўскія крыніцы і медыя”.

“Паводле дадзеных сацыялагічных апытанняў, падтрымка еўраінтэграцыі сярод беларусаў стабільна знаходзіцца ў дыяпазоне 20–40% — у залежнасці ад узроўню ціску на грамадскую думку”, — паведамляе АПК.

Ціханоўская ўпершыню наведвала Украіну з афіцыйным візітам 25–26 траўня. Сярод іншага яна сустрэлася з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Асобныя члены дэлегацыі, як вынікае з паведамленняў дэмакратычных структур, засталіся працаваць і пасля яе ад’езду.

Падзяліцца: