Беларускі медпрэпарат дапамагае ратаваць жыцці расійскіх байцоў на вайне ва Украіне — БРЦ

24 жніўня, Позірк. Медыцынскі прэпарат, які вырабляецца ў Беларусі, дапамагае ратаваць жыцці расійскіх байцоў на вайне ва Украіне, вынікае з новага матэрыялу Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ).
“Талмін Бел — самы эфектыўны сродак ва ўмовах пункта стабілізацыі. <…> Замову фармавалі наўпрост праз прадстаўніка кампаніі ў Расіі, вельмі прыемныя людзі, адказныя, уваходзяць у сітуацыю (робяць зніжкі, і дадаюць зверху ад сябе “ў славу Айчыны)”, — такое паведамленне з’явілася ў ліпені ў тэлеграм-канале валанцёрскага руху, які падтрымлівае 33-ці гвардзейскі мотастралковы полк 20-й дывізіі Узброеных сіл РФ.
Гэтае падраздзяленне, як адзначае БРЦ, удзельнічала ў баях на заходнім флангу Краматорска-Славянскай лініі ўмацаванняў.
Згаданае расійскае вайсковае фарміраванне не адзінае, дзе выкарыстоўваецца беларускі гемастатычны сродак “Талмін-Бел”, падкрэслілі расследавальнікі. “У сеціве мы знайшлі аб’явы фондаў у Маскве, Ніжнявартаўску, Камышыне, Цюмені ды іншых гарадах і рэгіёнах РФ пра збор медыкаментаў для фронту і прыфрантавых шпіталяў, у якіх згадваўся “Талмін-Бел”, — гаворыцца ў матэрыяле.
Паводле слоў байца беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК; ваюе на баку Украіны), які служыў у медыцынскім падраздзяленні, гемастатычныя сродкі выкарыстоўваюцца для спынення масіўных крывацёкаў — адной з асноўных прычын смерці параненых на полі бою.
“Пры значным пашкоджанні [артэрый] літаральна на працягу некалькіх дзясяткаў секунд чалавек <…> губляе здольнасць самастойна аказаць сабе дапамогу, а праз некалькі хвілін праз значную страту крыві надыходзіць смерць. Пры паспяховым правядзенні гэтая працэдура дазваляе захаваць байцу канечнасць”, — патлумачыў баец ПКК.
Гемастатык выпускае прыватная беларуская кампанія “Талмін Медыкал”. Яна зарэгістравала сродак у 2020 годзе і наладзіла вытворчасць уласных гемастатычных бінтоў і сурвэтак, адзначаецца ў расследаванні.
БРЦ выявіў пастаўку “Талмін-Бел” фонду “Помощь СВОим” у жніўні 2024-га — 17 кг прадукцыі коштам каля 2,5 тыс. долараў.
Як вынікае з матэрыялу, журналіст БРЦ датэлефанаваўся па нумары, пазначаным на сайце расійскага дыстрыб’ютара “Талмін Медыкал” — кампаніі “Авион”. Суразмоўца пацвердзіў, што кажа ад імя “афіцыйнага і адзінага прадстаўніка [беларускага вытворцы медпрэпарата] ў Расіі”.
Паведамляецца, што “Талмін Медыкал” узначальвае былы вайсковы ўрач Алег Бобрык. Мужчына кіраваў вайсковым шпіталем у Барысаве (Мінская вобласць), працаваў у Ваеннай акадэміі і Рэспубліканскім шпіталі МУС.
Згодна з расследаваннем, амаль палова кампаніі належыць двум беларусам: 10% — Юрыю Кудзіну, былому супрацоўніку Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, 39% — бізнесмену Мікалаю Чарнышову, былому намесніку дырэктара “Энерга-Оіл” (у перыяд, калі кампанія належала сям’і бізнесмена Аляксея Алексіна).
Кантрольны пакет кампаніі належыць не беларусам. 51% “Талмін Медыкал” валодае зарэгістраваная ў 2014 годзе ў Эстоніі New Century Holding. Яе мажарытарны ўласнік — грамадзянін Эстоніі Алег Саўчанка, высветлілі расследавальнікі.
“Такім чынам, кантрольны пакет беларускага вытворцы, прадукцыяй якога забяспечваюць расійскіх вайскоўцаў, належыць кампаніі з Эстоніі — краіны Еўрасаюза”, — адзначае БРЦ.
Паводле слоў эстонскага эксперта па камплаенсе ў фінансавым сектары Дзмітрыя Кураўкіна, сам факт валодання эстонскай кампаніяй 51% “Талмін Медыкал” аўтаматычна не азначае парушэння санкцыйнага рэжыму. Аднак New Century Holding як матчына структура абавязаная, згодна з прававымі нормамі Еўрасаюза, рабіць максімальныя высілкі, каб кантраляваная ёю кампанія не парушала санкцыйныя абмежаванні.
“Магу сказаць, што нават гіпатэтычная магчымасць такога парушэння або сам факт супрацы з расійскім ваенным бокам можа мець для кампаніі сур’ёзныя негатыўныя наступствы незалежна ад таго, ці будзе ў выніку высветленае фармальнае парушэнне санкцыйнага заканадаўства. Гэта тычыцца перш за ўсё рэпутацыйных рызык, грамадскай рэакцыі, а таксама стасункаў з банкамі, якія, як правіла, ацэньваюць падобныя сувязі значна шырэй”, — адзначыў Кураўкін.
Паводле яго слоў, важна высветліць, ці ведала эстонская кампанія пра дзейнасць беларускай даччынай кампаніі і яе расійскага дыстрыб’ютара, ці атрымлівала інфармацыю пра кліентаў і пастаўкі.
Каб высветліць гэта, журналіст БРЦ патэлефанаваў Саўчанку. Расследавальнік прадставіўся зборшчыкам рыштунку для расійскіх вайскоўцаў і прапанаваў выпісаць суразмоўцу грамату з падзякай. Той назваў тэму “далікатным пытаннем” і нагадаў, што жыве ў Эстоніі. Падзяку Саўчанка прапанаваў накіраваць Алегу Бобрыку — беларусу, дырэктару “Талмін-Медыкал”.
“Праз 7 хвілін пасля завяршэння размовы” Саўчанка, як заяўлена, даслаў паведамленне, у якім адмаўляў сказанае раней, падкрэсліўшы, што ніяк не звязаны з апісаным бізнесам і “не вельмі зразумеў”, пра што казаў суразмоўца.

- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- ЭканомікаСумарная запазычанасць беларускіх арганізацый за пяць гадоў вырасла ў 1,7 разаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 24 жніўня — 4 лістапада 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства


