Мінск 09:57

Лукашэнка лічыць, што будучыя пакаленні беларусаў і ўкраінцаў захаваюць “спрадвечныя сяброўскія сувязі”

Ілюстрацыйнае фота: magnific.com

24 жніўня, Позірк. Упэўненасць у тым, што “нягледзячы на геапалітычныя ўзрушэнні, будучыя пакаленні беларусаў і ўкраінцаў захаваюць спрадвечныя сяброўскія і сваяцкія сувязі”, выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 24 жніўня народ Украіны з Днём Незалежнасці.

Віншавальнік таксама ўпэўнены, што “Мінск і Кіеў адновяць узаемавыгадную супрацу на прынцыпах даверу, павагі і раўнапраўя”.

“Гістарычныя лёсы беларускага і ўкраінскага народаў шчыльна пераплеценыя. Нашыя нацыі звязваюць адвечныя традыцыі, памяць пра агульныя перамогі і цяжкія выпрабаванні”, — гаворыцца ў пасланні, апублікаваным прэс-службай Лукашэнкі.

Палітык сцвярджае, што “гасцінная Беларусь заўсёды адкрытая для кожнага ўкраінца, які прыходзіць з добрымі намерамі”.

Віншаванне накіраванае на фоне расійскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, якая цягнецца з 24 лютага 2022 года і якую падтрымлівае афіцыйны Мінск.

Кіраўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства Андрэй Сібіга заявіў 19 жніўня ў Вярхоўнай Радзе, што МЗС Украіны рыхтуе стратэгію двухбаковых стасункаў з Беларуссю.

Міністр канстатаваў, што беларускі кірунак “працягвае несці пагрозу як для ўкраінскай, так і для еўрапейскай бяспекі”, і падкрэсліў, што рэжым Лукашэнкі павінен быць прыцягнуты да адказнасці за ўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны.

22 траўня, каментуючы планы Украіны на беларускім трэку, ён падкрэсліў, што лічыць роднаснымі гістарычныя мэты Украіны і Беларусі. “Мы маем дапамагчы Беларусі стаць еўрапейскай калегай, бо Беларусь — гэта таксама Еўропа”, — патлумачыў Сібіга.

Падзяліцца: