Турчын накіраваўся ў РФ абмяркоўваць з кіраўніком “Газпрама” пытанні “перспектыўнай супрацы”

24 жніўня, Позірк. Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын 24 жніўня накіраваўся ў Санкт-Пецярбург, дзе, як запланавана, адбудзецца яго сустрэча са старшынёй праўлення расійскага ПАТ “Газпрам” Аляксеем Мілерам.
Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага ўрада, “у парадку дня — пытанні перспектыўнай супрацы ў газавай сферы”.
9 кастрычніка 2025 года на “Пецярбургскім міжнародным газавым форуме” намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Віктар Каранкевіч і Мілер падпісалі дарожную карту супрацы да 2030 года.
Тады прэс-служба Савета міністраў паведаміла, што дакумент скіраваны на “развіццё ўзаемадзеяння ў паліўна-энергетычнай і прамысловай сферах”, у тым ліку на пашырэнне выкарыстання прадукцыі беларускіх вытворцаў прадпрыемствамі “Газпрама”, садзейнічанне выпуску сучаснай тэхнікі і абсталявання для энергетычнай галіны, падвышэнне ўзроўню тэхналагічнай кааперацыі бакоў.
Іншыя падрабязнасці не прыводзіліся.
На форуме Каранкевіч канстатаваў, што з “Газпрамам” у Беларусі “выбудаваныя шчыльныя і канструктыўныя стасункі ў розных сферах дзейнасці — ад развіцця газавай сферы да вытворчасці інавацыйнай імпартазамяшчальнай прадукцыі”.
Летась у чэрвені ў Санкт-Пецярбургу адбылася сустрэча міністра энергетыкі Дзяніса Мароза з Мілерам, на якой, як паведамляла прэс-служба расійскай кампаніі, бакі адзначылі “высокую надзейнасць паставак расійскага газу беларускім спажыўцам і адказную працу <…> “Газпрам трансгаз Беларусь” па эксплуатацыі газатранспартнай сістэмы рэспублікі”. Асобная ўвага на сустрэчы была нададзеная “паспяховай супрацы “Газпрама” з беларускімі прадпрыемствамі і перспектывам яго развіцця”.
З 2023 года да канца 2025-га цана на расійскі газ для Беларусі складала 128,5 долара за адну тысячу кубаметраў, з разлікам у расійскіх рублях. Афіцыйнай інфармацыі пра цану на паліва з 2026 года няма, аднак, мяркуючы па ўсім, яна застаецца на тым жа ўзроўні.
Аляксандр Лукашэнка пасля перагавораў з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Крамлі летась 26 верасня заяўляў, што бакі “выйшлі на дамоўленасці пра газ <…> ужо на пяцігодку практычна”.
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаЗа тыдзень колькасць вакансій для замежнікаў павялічылася амаль на 5% — даныя дзяржслужбы занятасці (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства



