Мінск 16:05

На вучэннях у Кітаі вайскоўцы ССА “ўдасканальваюць навыкі штурмавых дзеянняў” — Мінабароны

Фота: Мінабароны

23 жніўня, Позірк. Пра чарговы этап вучэнняў “Імклівы арол — 2026” паведамляе Міністэрства абароны.

У рамках гэтага этапу, як адзначаецца, “воінскія кантынгенты Беларусі і Кітая ўдасканальваюць навыкі штурмавых дзеянняў”.

“Асаблівую ўвагу зводныя падраздзяленні надаюць выведцы будынкаў, заняццю хованак і прасоўванню ўглыб забудовы ва ўмовах судотыку з умоўным праціўнікам. Таксама вайскоўцы адточваюць навыкі па агнявой падрыхтоўцы”, — гаворыцца ў паведамленні.

10 жніўня Мінабароны паведаміла, што вайскоўцы сіл спецыяльных аперацый беларускіх Узброеных сіл адправіліся ў Кітай для ўдзелу ў сумесных беларуска-кітайскіх тактычных вучэннях “Імклівы арол — 2026”.

Адзначалася, что манеўры пройдуць з 11 па 25 жніўня на палігоне Паветрана-дэсантных войскаў Народна-вызваленчай арміі Кітая ў правінцыі Хубэй (цэнтральная частка краіны).

Паведамлялася, што падчас манеўраў вайскоўцам “трэба будзе здзяйсняць парашутныя скачкі, працаваць з беспілотнымі лятальнымі апаратамі і процідзейнічаць дронам, асвойваць сумесную зборку БЛА, выконваць розныя віды стрэльбаў, ужываць гарадскі і прамысловы альпінізм”.

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Кітая Чэнь Сі раней заявіў, што на вучэннях будуць адпрацоўвацца галоўным чынам выведка і контрвыведка, захоп і ўтрыманне аб’ектаў і іх абарона, зачыстка і ўтрыманне пазіцый.

Першыя вучэнні “Імклівы арол” прайшлі ў Беларусі ў 2011 годзе, другія — у Кітаі ў 2012-м, трэція — зноў у Беларусі ў 2015-м. Такім чынам, чацвёртыя манеўры праходзяць пасля больш чым 10-гадовага перапынку.

Падзяліцца: