Мінск 17:41

У Беларусі чакаюць прэзідэнта Манголіі (абноўлена)

Аляксандр Лукашэнка дорыць мангольскаму прэзідэнту Ухнаагійну Хурэлсуху два трактары "Беларус". 4 чэрвеня 2024 года
Архіўнае фота: прэс-служба Лукашэнкі

дададзеныя абзацы 4–8, актуалізаваны загаловак

24 кастрычніка, Позірк. У Беларусі чакаюць прыбыцця прэзідэнта Манголіі Ухнаагійна Хурэлсуха, вынікае з раскладу працы дэпутатаў на сайце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

У прыватнасці, сустрэча кіраўніцтва беларускага парламента з мангольскім палітыкам запланаваная на 16:00 26 кастрычніка. Яна пройдзе ў Савеце Рэспублікі.

У 11:30 таго ж дня ў мінскай гасцініцы “Прэзідэнт-Атэль” адбудзецца сумеснае пасяджэнне рабочай групы Нацыянальнага сходу па супрацы з парламентам Манголіі і Мангольска-Беларускай парламенцкай групы дружбы.

Неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі паведаміў, што Ухнаагійн Хурэлсух мае прыбыць 24 кастрычніка — на тры дні, па 26 кастрычніка. Адзначаецца, што гэта “першы ў гісторыі візіт кіраўніка мангольскай дзяржавы ў Беларусь на найвышэйшым узроўні”.

“У праграме — перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, падпісанне дакументаў аб супрацы і мангольска-беларускі бізнес-форум. Асноўны дзень мерапрыемстваў — панядзелак”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што 26 кастрычніка Лукашэнка і Ухнаагійн Хурэлсух “ацэняць ход выканання дамоўленасцей, дасягнутых падчас візіту” беларускага палітыка ў Манголію два гады таму, і вызначаць “ключавыя напрамкі далейшага развіцця беларуска-мангольскіх стасункаў”.

Бакі засяродзяцца на “ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных праектах”, а таксама на “паглыбленні ўзаемадзеяння ў прамысловасці і АПК”.

Акрамя таго, рыхтуецца да падпісання дарожная карта развіцця супрацы на 2027–2029 гады.

Каля тыдня таму, 16 кастрычніка, міністр замежных спраў Манголіі Батмунхійн Батцэцэг перадала старшыні парламента — Вялікага дзяржаўнага хурала — Сандагійну Бямбацогту законапраект пра ратыфікацыю дагавора аб дружалюбных стасунках і супрацы з Беларуссю. Дакумент быў падпісаны 3 чэрвеня 2024-га, Беларусь завяршыла працэдуру яго ратыфікацыі 23 снежня таго ж года (адпаведны закон набыў моц 7 студзеня 2025 года).

Лукашэнка, віншуючы 11 ліпеня 2026 года Ухнаагійна Хурэлсуха з нацыянальным святам Наадам, прапанаваў яму здзейсніць візіт у адказ у Беларусь. Сам ён наведваў Манголію з дзяржаўным візітам 1–4 чэрвеня 2024 года.

Паводле вынікаў яго сустрэчы з мангольскім прэзідэнтам 3 чэрвеня таго года былі таксама падпісаныя міжурадавае пагадненне пра ўзаемнае прызнанне дакументаў аб адукацыі і дарожная карта супрацы профільных міністэрстваў абедзвюх краін на 2024–2026 гады; мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам юстыцыі і ўнутраных спраў Манголіі і Міністэрствам транспарту і камунікацый Беларусі аб узаемным прызнанні і абмене пасведчанняў кіроўцы; дарожная карта супрацы ў галіне сельскай гаспадаркі ды інш.

Напярэдадні прыбыцця Лукашэнкі экс-прэзідэнт Манголіі Цахіагійн Элбэгдорж (2009–2017) заклікаў цяперашнія ўлады дзяржавы арыштаваць візіцёра, які “здзейсніў злачынствы супраць чалавечнасці”. Гэта, на яго думку, палепшыла б імідж краіны.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падзякавала мангольскаму палітыку за “рашучы заклік прыцягнуць беларускага дыктатара да адказнасці” і заявіла, што Лукашэнка “мае паўстаць перад міжнародным трыбуналам”.

Падзяліцца: