Павел Севярынец абраны старшынёй Беларускай хрысціянскай дэмакратыі

24 кастрычніка, Позірк. Палітык, экс-палітвязень Павел Севярынец абраны старшынёй партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД). Адпаведнае рашэнне прынялі 24 кастрычніка ў Беластоку (Польшча) дэлегаты з’езду БХД.
Выбары кіраўніка палітычнай структуры сталі адным з ключавых пытанняў форуму. Удзельнікі з’езду прынялі рашэнне перайсці ад ранейшага інстытуту сустаршынства, які ў тым ліку спрычыніўся да фактычнага расколу ў БХД, да кіравання адной асобай. Другі вылучаны кандыдатам на пасаду старшыні — Георгій Дзмітрук — зняўся на карысць Севярынца.
Наваабраны старшыня партыі ў каментарыі “Позірку” расцаніў зняцце кандытатуры адным з двух прэтэнтэнтаў як сведчанне таго, што БХД “ідзе да адзінства”.
Паводле слоў Севярынца, у з’ездзе бярэ ўдзел больш за 150 чалавек. “Вельмі шмат цёплых слоў з боку еўрапейскіх сябраў, — сказаў ён. — [Прысутнічаюць] віцэ-прэзідэнт EPP, шмат прадстаўнікоў нашых сяброўскіх партый з Чэхіі, Літвы, Польшчы, Нарвегіі. Багата беларусаў, багата цудоўных беларускіх гасцей. Вельмі прадстаўнічы форум. Гэта першы крок да яднання дэмакратычных сіл: яднаем хрысціянскую дэмакратыю, затым яднаем і дамаўляемся з усімі дэмакратычнымі сіламі”.
На з’ездзе прысутнічаў і выступіў ранейшы сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які з аднадумцамі 17–18 кастрычніка правёў у Варшаве справаздачна-выбарную канферэнцыю грамадска-палітычнага руху “Беларуская салідарнасць / Беларускія хрысціянскія дэмакраты”. Севярынец падчас сваёй прамовы сказаў, што не мае да Рымашэўскага пытанняў, бо той стварыў палітычны рух, а не партыю, на што мае права.
У каментарыі “Позірку” Севярынец канстатаваў: “Мы яднаем усіх”. “Віталь Рымашэўскі выступіў, даў справаздачу, удзельнічаў. Зараз <…> ён не вылучаўся на старшыню. Я ведаю, што ён стварыў сваю грамадскую арганізацыю. Ну, няма пытанняў, у прынцыпе. Вот адзіная БХД чакае, пакуль людзі будуць далучацца, прыходзіць — няма абсалютна ніякіх праблем для далучэння да БХД”, — адзначыў ён.
З’езд дэлегатаў БХД праходзіць з удзелам грамадска-палітычных дзеячаў, духоўных асоб, міжнародных гасцей. З вітальным словам выступілі дэпутат Еўрапарламента Анджэй Галіцкі (EPP), намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, яе дарадца па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы, колішні кіраўнік Аб’яднанай грамадскай партыі Анатоль Лябедзька, грамадскі дзеяч і экс-палітвязень Зміцер Дашкевіч, святары розных канфесій — Георгій Рой, Вячаслаў Барок, пастар Яраслаў Лукасік.
У Беларусі БХД, якая паўстала ў 2005 годзе, ніколі не было афіцыйнай рэгістрацыі. Палітычная структура дзейнічала ў статусе арганізацыйнага камітэту па стварэнні партыі. Інстытут калегіяльнага кіравання дзейнічаў ад моманту з’яўлення БХД.

- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваКолькасць візітаў грамадзян Беларусі ў Грузію расце шосты год запарМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа два дні Літва зафіксавала больш спробаў нелегальнай міграцыі з Беларусі, чым за папярэднія тры тыдні (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 22–23 кастрычніка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа два месяцы колькасць вакансій для замежных работнікаў павялічылася ў Беларусі на 22,8% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


