Мінск 20:42

На з’ездзе БХД Латушка заклікаў быць не “сумай асобных палітычных адзінак”, а “адзінай альтэрнатыўнай сістэмай”

Відэа з тэлеграм-канала АПК / стоп-кадр: "Позірк"

24 кастрычніка, Позірк. Ніякія палітычныя амбіцыі ў эміграцыі не маюць сэнсу, калі не ставіцца за мэту вяртанне ў Беларусь, заявіў на з’ездзе партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) 24 кастрычніка ў польскім Беластоку намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) і дэлегат Каардынацыйнай рады (КР) Павел Латушка.

“Наша агульная мэта: вярнуцца дадому, дамагчыся палітычных зменаў і свабодных выбараў і ўдзельнічаць у іх у Беларусі”, — цытуе палітыка прэс-служба АПК.

Латушка заклікаў партыі браць актыўны ўдзел у наступных выбарах у КР (маюць быць праведзеныя ўвесну 2028 года).

“Спалучаючы партыйнае будаўніцтва з развіццём агульнага прадстаўнічага органа, мы робім тое, што з’яўляецца класікай і падмуркам любой свабоднай дэмакратыі: калі партыі спаборнічаюць на выбарах і фармуюць органы ўлады, — заявіў ён. — Так мы аб’яднаем партыі і інстытуты ў адзіны кулак і закладзем падмурак будучай палітычнай сістэмы Беларусі”.

Паводле слоў палітыка, беларускія дэмакратычныя сілы “змаглі пабудаваць паўнавартасную інстытуцыйную архітэктуру”. “Паасобку мы губляем сілу, але калі мы аб’ядноўваем высілкі і каардынуем нашы дзеянні, менавіта тады мы забяспечваем палітычную суб’ектнасць беларускага народа. Гэта магутны гістарычны прэцэдэнт: мы маем усе магчымасці быць не проста сумай асобных палітычных адзінак, а адзінай і моцнай альтэрнатыўнай сістэмай”, — сказаў ён.

Спаслаўшыся на ключавую выснову даследавання НАУ “Нацыянальны дыялог для Беларусі”, Латушка канстатаваў, што “сістэма здольная весці дыялог толькі з сістэмай, і перамагчы ці змяніць сістэму можа толькі іншая сістэма”.

“Наш прынцып у кантактах з ЕС застаецца непарушным: “Нічога пра беларусаў без саміх беларусаў!” — падкрэсліў ён. — Інтарэсы беларускага народа мусяць прадстаўляць і адстойваць беларускія дэмакратычныя інстытуты і грамадзянская супольнасць. І менавіта з гэтага фундаментальнага прынцыпу вынікае стратэгія Беларускага круглага стола. Гэта не саступка рэжыму. Гэта адзіны мост, які вядзе ад рэпрэсій і эміграцыі да свабодных выбараў і вяртання дадому”.

Звяртаючыся да палітыка і экс-палітвязня Паўла Севярынца, абранага на з’ездзе старшынёй БХД, Латушка адзначыў, што той прысвяціў “палітычнай барацьбе і служэнню Беларусі дзесяцігоддзі свайго жыцця”.

“Вы прайшлі праз доўгія і цяжкія гады турэмнага зняволення, але давялі ўсяму свету, што прынцыпы і маральная сіла вышэйшыя за любыя краты, — сказаў ён. — Ваша стойкасць і ваша вяртанне да працы — гэта велізарнае натхненне для многіх. Вы прыклад для мяне і маіх калег. <…> Беларуская хрысціянская дэмакратыя прайшла праз рэпрэсіі 1930-х гадоў, праз савецкі таталітарызм, праз лукашэнкаўскія турэмныя зняволенні. Але вы выстаялі”.

Паводле інфармацыі АПК, сярод іншых на з’ездзе прысутнічалі лідар Руху “За Свабоду” Юрый Губарэвіч, прадстаўнікі Партыі БНФ, Беларускай сацыяльна-дэмакратычнай партыі “Грамада” ды іншых структур, сузаснавальнік і колішні кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а цяпер дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька, яе дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі і галоўны дарадца Франак Вячорка, член Рады БНР Яўген Вапа, грамадскі дзеяч, экс-палітвязень Зміцер Дашкевіч.

Апрача таго, у форуме ўдзельнічалі дэпутат Еўрапарламента, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі (EPP) Анджэй Галіцкі, кіраўніца прадстаўніцтва Фонду Конрада Адэнаўэра па Беларусі Габрыэле Баўман, старшыня партыі “Саюз Айчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты” Лаўрынас Кашчунас, член Палаты дэпутатаў Парламента Чэхіі Хаята Акамура, афіцыйны прадстаўнік Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Нарвегіі Йон Стэйнар К’ёлесдал.

Павел Севярынец абраны старшынёй Беларускай хрысціянскай дэмакратыі

24 кастрычніка, Позірк. Палітык, экс-палітвязень Павел Севярынец абраны старшынёй партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД). Адпаведнае рашэнне прынялі 24 кастрычніка ў Беластоку (Польшча) дэлегаты з'езду БХД. Выбары кіраўніка палітычнай структуры сталі адным з ключавых пытанняў форуму. Удзельнікі з'езда прынялі рашэнне перайсці …
Падзяліцца: