Мінск 11:48

За суткі МНС зафіксавала 488 выпадкаў падзення дрэў праз непагадзь, пашкоджана 15 аўтамабіляў

Фота: Мінэнерга

23 жніўня, Позірк. Аб ліквідацыі наступстваў непагадзі паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле звестак ведамства, з прычыны праходжання 22 жніўня моцнага ветру з парывамі да 24 м/с у Гродзенскай вобласці пашкоджаныя дахі 1 жылога дома, 8 сельскагаспадарчых і 2 адміністрацыйных будынкаў, у Мінскай вобласці — 1 жылога дома і 2 сельскагаспадарчых будынкаў.

Зафіксавана 488 выпадкаў падзення дрэў: у Брэсцкай вобласці — 27, Віцебскай — 59, Гродзенскай — 134, Мінскай — 233, Магілёўскай — 8, Мінску — 27.

Дрэвамі пашкоджана 15 легкавых аўтамабіляў: у Брэсцкай вобласці — 2, Гродзенскай — 3, Віцебскай — 4, Мінскай — 4, Мінску — 2.

Работнікамі МНС і іншых арганізацый праводзіліся работы па распілоўцы і ўборцы паваленых дрэў.

У выніку падзення дрэў у Мінскай вобласці траўмавана двое дзяцей. У Нясвіжскім раёне шпіталізаваны хлопчык 2014 года нараджэння. Каля вёскі Маркаўшчына Мінскага раёна пацярпеў хлопчык 2016 года нараджэння, пасля аказання медыцынскай дапамогі ён накіраваны на амбулаторнае лячэнне.

Адзначаецца, што супрацоўнікі МНС і іншых арганізацый праводзілі работы па распілоўцы і ўборцы паваленых дрэў.

Таксама ведамства паведамляе аб “перыядычным парушэнні электразабеспячэння” праз непагадзь. “Адключэнні аператыўна ліквідуюцца аварыйнымі брыгадамі”, — гаворыцца ў рэлізе.

Паводле даных Міністэрства энергетыкі, на 00:00 23 жніўня электразабеспячэнне было парушана ў 179 населеных пунктах. Абясточаныя на тую гадзіну былі 338 трансфарматарных падстанцый і 5 ферм.

Для ліквідацыі наступстваў непагадзі ведамства задзейнічала 146 аварыйна-аднаўленчых брыгад, 182 адзінкі тэхнікі і 52 дызель-генератарныя ўстаноўкі.

Асноўнай прычынай парушэння электразабеспячэння Мінэнерга назвала “падзенні дрэў і галінак на лініі электраперадачы праз моцны вецер”.

Падкрэслівалася, што над ліквідацыяй наступстваў непагадзі энергетыкі працуюць у кругласутачным рэжыме.

Падзяліцца: