Мінск 10:43

Памежнікі Літвы перахапілі два дроны з беларускімі цыгарэтамі

Фота: САДМ Літвы

24 жніўня, Позірк. Два самаробныя дроны, якія выкарыстоўваліся для дастаўкі кантрабандных цыгарэт з Беларусі, перахопленыя цягам двух дзён, паведаміла напрыканцы мінулага тыдня Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) пры МУС Літвы.

Першы беспілотнік быў выяўлены 19 жніўня ля вёскі Васюнай у Швянчонскім раёне. З дапамогай антыдронавага абсталявання памежнікі прызямлілі апарат, да якога была прымацаваная скрынка з 500 пачкамі цыгарэт Minsk City MS з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт грузу з улікам літоўскіх падаткаў — 2.730 еўра.

Праз некалькі гадзін па цыгарэты прыйшлі двое мужчын. Паведамляецца, што адзін з іх — 65-гадовы мясцовы жыхар — прывёў з сабой свайго 19-гадовага работніка з Прэнайскага раёна. Яны паспрабавалі збегчы, але памежнікі затрымалі іх з дапамогай службовага сабакі.

Абодвум пагражаюць штрафы — ад 5.200 да 6.000 еўра. Маладому чалавеку можа быць прызначаны дадатковы штраф за паўторнае парушэнне правілаў знаходжання ў памежнай зоне.

Другі дрон памежнікі прызямлілі позна ўвечары 18 жніўня ў Шальчынінкскім раёне. Пасля прымусовай пасадкі беспілотнік разбіўся. Склад грузу САДМ не ўдакладніла.

Ад пачатку года літоўскія памежнікі перахапілі 44 дроны кантрабандыстаў. За ўвесь 2025 год іх было 59, у 2024-м — 54.

Падзяліцца: