Мінск 17:39

Да чатырох гадоў пазбаўлення волі прыгавораны кіроўца за ДТЗ, у якім загінуў яго бацька

Фота: УУС Мінскага аблвыканкама

23 жніўня, Позірк. Суд Мінскага раёну разгледзеў крымінальную справу мясцовага жыхара, які абвінавачваўся ў парушэнні правілаў дарожнага руху ў стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, паведамляе партал abw.by.

Прысуд — чатыры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму — вынесены 14 жніўня. Таксама мужчына на восем гадоў пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі. Акрамя гэтага, яму прызначана прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Адзначаецца, што ў ноч на 25 лістапада 2025 года 45-гадовы мужчына на просьбу свайго 74-гадовага бацькі, які таксама быў п’яны, сеў за стырно легкавога аўтамабіля “Пежо 307”. “Разам яны па дарозе Н9531 Смалявічы — Самахвалавічы — Негарэлае адправіліся на АЗС, каб заправіць машыну і купіць спіртное”, — гаворыцца ў паведамленні.

На зваротным шляху “нецвярозы абвінавачаны не абраў бяспечную хуткасць з улікам дарожных умоў” — “на праезнай частцы было снежнае покрыва, ішоў мокры снег і дождж”.

“У раёне аграгарадка Самахвалавічы Мінскага раёна аўтамабіль сышоў у занос, выехаў на сустрэчную паласу, затым за межы праезнай часткі і апынуўся ў кювеце. Там машына ўрэзалася ў прыдарожнае дрэва”, — адзначае партал.

Пасажыр аўтамабіля — бацька кіроўцы — атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні і памёр у рэанімацыі праз пяць гадзін. Кіроўца быў шпіталізаваны, пры гэтым, як паведаміла Дзяржаўтаінспекцыя, ён меў “абмежаванні па мадпаказаннях для кіравання аўтамабілем”.

У судзе абвінавачаны прызнаў віну і раскаяўся.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Падзяліцца: