Урад Беларусі і прэс-служба “Газпрама” не паведамляюць пра вынікі перагавораў Турчына і Мілера

24 жніўня, Позірк. Перагаворы прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына і кіраўніка расійскага ПАТ “Газпрам” Аляксея Мілера 24 жніўня ў Санкт-Пецярбургу завяршыліся.
Перад сустрэчай прэс-служба беларускага ўрада заявіла, што “ў парадку дня — пытанні перспектыўнай супрацы ў газавай сферы”.
Разам з тым па выніках перагавораў бакі фактычна нічога не паведамілі пра іх высновы. Прэс-служба Савета міністраў толькі прадставіла тое, як суразмоўцы ацэньваюць двухбаковыя стасункі: “Дасягнуты ўзровень узаемадзеяння забяспечвае бесперабойнае забеспячэнне рэспублікі прыродным газам і дынамічнае развіццё па актуальных для дзяржаў кірунках”.
Прэс-служба “Газпрама” адзначыла, што на сустрэчы былі абмеркаваныя “ход і перспектывы ўзаемавыгаднай супрацы ў газавай сферы”.
У рэлізе арганізацыі таксама прыведзеная даведка пра ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, якое з’яўляецца даччыным прадпрыемствам расійскага прамысловага гіганта на тэрыторыі Беларусі. Пазначана, што цяпер гэтая кампанія “рэалізуе запланаваны комплекс мерапрыемстваў для надзейнага газазабеспячэння беларускіх спажыўцоў у восеньска-зімовы перыяд, работы вядуцца паводле графіка”.
9 кастрычніка 2025 года на “Пецярбургскім міжнародным газавым форуме” намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Віктар Каранкевіч і Мілер падпісалі дарожную карту супрацы да 2030 года.
Тады прэс-служба Савета міністраў паведаміла, што дакумент скіраваны на “развіццё ўзаемадзеяння ў паліўна-энергетычнай і прамысловай сферах”, у тым ліку на пашырэнне выкарыстання прадукцыі беларускіх вытворцаў прадпрыемствамі “Газпрама”, садзейнічанне выпуску сучаснай тэхнікі і абсталявання для энергетычнай галіны, падвышэнне ўзроўню тэхналагічнай кааперацыі бакоў.
Іншыя падрабязнасці не прыводзіліся.
На форуме Каранкевіч канстатаваў, што з “Газпрамам” у Беларусі “выбудаваныя шчыльныя і канструктыўныя стасункі ў розных сферах дзейнасці — ад развіцця газавай сферы да вытворчасці інавацыйнай імпартазамяшчальнай прадукцыі”.
Летась у чэрвені ў Санкт-Пецярбургу адбылася сустрэча міністра энергетыкі Дзяніса Мароза з Мілерам, на якой, як паведамляла прэс-служба расійскай кампаніі, бакі адзначылі “высокую надзейнасць паставак расійскага газу беларускім спажыўцам і адказную працу <…> “Газпрам трансгаз Беларусь” па эксплуатацыі газатранспартнай сістэмы рэспублікі”. Асобная ўвага на сустрэчы была нададзеная “паспяховай супрацы “Газпрама” з беларускімі прадпрыемствамі і перспектывам яго развіцця”.
З 2023 года да канца 2025-га цана на расійскі газ для Беларусі складала 128,5 долара за адну тысячу кубаметраў, з разлікам у расійскіх рублях. Афіцыйнай інфармацыі пра цану на паліва з 2026 года няма, аднак, мяркуючы па ўсім, яна застаецца на тым жа ўзроўні.
Аляксандр Лукашэнка пасля перагавораў з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Крамлі летась 26 верасня заяўляў, што бакі “выйшлі на дамоўленасці пра газ <…> ужо на пяцігодку практычна”.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- ЭканомікаСумарная запазычанасць беларускіх арганізацый за пяць гадоў вырасла ў 1,7 разаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 24 жніўня — 4 лістапада 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка



