Мінск 19:02

Мытня спыніла спробу ўвезці ў Беларусь партыю незадэклараванага адзення і аксесуараў, перавозчыку пагражае штраф

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба ДМК

30 траўня, Позірк. Спробу ўвезці ў Беларусь з Польшчы партыю незадэклараваных тавараў спынілі брэсцкія мытнікі ў пункце пропуску Казловічы (з польскага боку — Кукурыкі), паведаміла 30 траўня прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, парушэнне было выяўленае пры праверцы дакументаў і надглядзе грузавіка “Вольва”, які належыць польскаму перавозчыку. Апрача задэклараваных тавараў у транспартным сродку знайшлося “больш за 9 тыс. адзінак адзення, аксесуараў ды іншых рэчаў хатняга ўжытку, звесткі пра якія ў дакументах заяўленыя не былі”.

Кошт тавараў без дакументаў — больш за 205 тыс. рублёў (звыш 74 тыс. даляраў). Ведамства папракнула перавозчыка ў спробе ашчадзіць на мытных плацяжах больш як 68 тыс. рублёў (не менш за 24,6 тыс. долараў).

У дачыненні да суб’екта, якому належыць грузавік, распачаты адміністрацыйны працэс паводле арт. 15.5 КаАП (недэклараванне або прадстаўленне недакладных звестак пра тавары). Яму пагражае штраф — да 30% кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, пры гэтым “недастачу мытных плацяжоў таксама давядзецца заплаціць”.

Падзяліцца: