Мінск 16:21

У Беларусі зафіксаваны новы тэмпературны рэкорд за ўвесь перыяд інструментальных метэаназіранняў — 39,6 градуса

Мапа: pogoda.by / скрыншот: "Позірк"

29 чэрвеня, Позірк. Новы тэмпературны рэкорд за ўвесь 145-гадовы перыяд інструментальных метэаназіранняў зафіксаваны ў Беларусі 29 чэрвеня.

Да 14:20 у Пінску (Брэсцкая вобласць) паветра прагрэлася да 39,6 градуса цяпла, пры гэтым за папярэднія 10 хвілін рост тэмпературы склаў 0,2 градуса, а з 14:00 да 14:10 — 0,6.

Цяперашні гістарычны экстрэмум на 0,7 градуса большы за ранейшы, зарэгістраваны 8 жніўня 2010 года ў Гомелі (38,9). Перапісаны таксама неафіцыйны рэкорд, пра які раней згадвалі сіноптыкі, — 39,2 градуса, адзначаны ў той жа дзень у аэрапорце абласнога цэнтра.

Рэкорд чэрвеня — 37,6 градуса ў Брэсце — пратрымаўся суткі.

У самім Пінску лакальны гістарычны тэмпературны максімум пратрымаўся 120 гадоў (36,3 градуса 5 жніўня 1905 года).

Канчатковыя даныя стануць вядомыя пасля 22 гадзін.

На 29 чэрвеня Белгідрамет прагназаваў да 39 градусаў. У наступныя дні стане на пару градусаў халадней.

Падзяліцца: