Мінск 18:46

У Кобрынскім раёне распачатая крымінальная справа за крадзеж 27 тон паліва, шкода перавысіла 60 тыс. рублёў

29 чэрвеня, Позірк. У Кобрынскім раёне (Брэсцкая вобласць) трое аператараў склада нафтапрадуктаў і кіроўца прыватнай фірмы на працягу некалькіх месяцаў выкралі каля 27 тон дызпаліва і бензіну, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Агульная сума крадзенага перавысіла 60 тыс. рублёў, адзначае ведамства.

Сцвярджаецца, што грошы ад продажу паліва “саўдзельнікі выдаткоўвалі на асабістыя патрэбы”.

Узбуджана крымінальная справа за “прысваенне альбо растрату маёмасці” (арт. 211 КК). Фігурантам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі, заяўляе МУС.

Паведамляецца, што выкрадзенае гаручае павінна было пайсці на запраўку сельгастэхнікі.

З 24 чэрвеня рознічныя цэны на маторнае паліва на беларускіх аўтазаправачных станцыях павышаныя на 1 капейку.

Кошт за адзін літр з 24 чэрвеня складае:

АІ-92 — 2,58 рубля;

АІ-95 — 2,68;

АІ-98 — 2,90.

Дызельнае паліва каштуе 2,68 рубля.

Падзяліцца: