Мінск 17:43

За мінулыя выходныя ў Беларусі патанула 15 чалавек — ТРВОД

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

29 чэрвеня, Позірк. За мінулыя выходныя дні, 27–28 чэрвеня, у Беларусі патанула 15 чалавек, выратавана — 27, вынікае з аператыўнай інфармацыі Рэспубліканскага таварыства ратавання на водах (ТРВОД).

Паведамляецца, што ў кар’еры “Дубнікаўскае” ля вёскі Паракіці (Астравецкі раён Гродзенскай вобласці) было знойдзенае і выцягнутае цела мужчыны 1989 года нараджэння. Загінулы знаходзіўся за 10 метраў ад берага, на глыбіні 3,5 м.

Паводле інфармацыі ТРВОД “мужчына адпачываў на беразе вадаёма разам са знаёмым і распіваў спіртныя напоі”. “Праз некаторы час таварыш ненадоўга адышоў, а вярнуўшыся, не знайшоў мужчыну на ранейшым месцы. Заўважыўшы выпадковага мінака, ён паведаміў яму пра знікненне сябра”, — адзначыла арганізацыя.

У рацэ Прыпяць у вёсцы Прэнькі (Мазырскі раён Гомельскай вобласці) быў знойдзены і выцягнуты з вады мужчына 1984 года нараджэння.

Як паведамляў Позірк, у Мінску за мінулыя выходныя патанула як мінімум тры чалавекі.

Мінулыя выходныя ў Беларусі былі экстрэмальна гарачымі. 29 чэрвеня быў зафіксаваны тэмпературны рэкорд за ўвесь 145-гадовы перыяд інструментальных метэаназіранняў.

Падзяліцца: