Мінск 15:53

У Лідскім раёне распачатая крымінальная справа па факце траўмавання непаўналетняга — юнака збілі айчым і маці

Ілюстрацыйнае фота: Anastasiya Badun / unsplash.com

29 чэрвеня, Позірк. У Лідскім раёне (Гродзенская вобласць) па факце наўмыснага нанясення лёгкага цялеснага пашкоджання непаўналетняму распачатая крымінальная справа, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Згодна з інфармацыяй нагляднага органа, фігуранты справы паводле арт. 153 КК — 40-гадовы айчым і 37-гадовая маці 15-гадовага пацярпелага.

Паведамляецца, што сёлета ў сакавіку яны збілі юнака: “Удары падлетку наносілі рукамі і нагамі ў вобласць галавы, хапалі дзіця за шыю”. Пра здарэнне даведалася бабуля хлопчыка, яна ж разам з унукам звярнулася па дапамогу ў медыцынскую ўстанову.

“Па выніках абследавання ў пацярпелага канстатаваныя чэрапна-мазгавая траўма, ранкі на розных частках цела”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пасля гэтага бабуля паведаміла пра інцыдэнт у раённую пракуратуру, якая праінспектавала сям’ю. Па выніках праверкі ўпаўнаважаныя органы, рэагуючы на ​​патрабаванне пракурора, у тэрміновым парадку зрабілі захады “па абароне правоў і законных інтарэсаў як пацярпелага непаўналетняга, так і іншых дзяцей у гэтай сям’і, якія былі забраныя і змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне”.

“Праз тое, што супрацьпраўныя дзеянні выявіліся ў замаху на жыццё і здароўе чалавека і закранаюць істотныя інтарэсы дзяржавы і грамадства, скіраваныя на абарону правоў непаўналетняга, пракуратура палічыла абгрунтаваным распачаць крымінальную справу прыватна-публічнага абвінавачання без заявы пацярпелага ад супрацьпраўных дзеянняў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падзяліцца: