Мінск 12:22

Лукашэнка выступіў за ўмацаванне сувязей Беларусі і Кітая

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін (Пекін, 29 чэрвеня 2026 года)
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

29 чэрвеня, Позірк. За ўмацаванне сувязей Беларусі і Кітая выступіў Аляксандр Лукашэнка 29 чэрвеня ў Пекіне на перагаворах са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.

Прыкладам “паспяховага ўзаемадзеяння” беларускі госць назваў сумесны індустрыяльны парк “Вялікі камень”, у якім “вялікая частка замежных інвестыцый <…> належыць кітайскім кампаніям”. “Мы гатовыя ў гэтым плане дзейнічаць”, — цытуе палітыка яго прэс-службы.

Адзначыўшы, што перыяд 2026–2027 быў абвешчаны “гадамі прамысловай кааперацыі Беларусі і Кітая”, Лукашэнка падзякаваў кіраўніку КНР за тое, што той падтрымаў “ініцыятыву развіцця прамысловасці і прамысловай кааперацыі паміж дзвюма краінамі”.

“Па ўсіх напрамках эканамічнага развіцця Беларусь выкарыстоўвае вашыя тэхналогіі, — заявіў ён. — Мы задаволеныя ўзроўнем гэтых тэхналогій і якасцю той прадукцыі, якую мы сёння атрымліваем”.

“Мы з вамі пастаянна абменьваемся пунктамі гледжання па міжнародным парадку дня, пра сітуацыю ў рэгіёне. Я вас пастаянна пра гэта інфармую. Думаю, нам трэба гэтыя кантакты працягнуць і надалей”, — дадаў спікер.

Сі Цзіньпін, калі верыць прэс-службе яго суразмоўцы, заявіў, што рады бачыць госця і яму “прыемна зноў прымаць” таго: “Мы часта сустракаемся, маем зносіны, вельмі своечасова вядзём самы аб’ёмны дыялог па самых розных пытаннях”.

Падкрэсліўшы тое, што краіны “развіваюць усепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства”, старшыня КНР назваў Кітай і Беларусь “жалезнымі сябрамі”.

“Нашыя стасункі вытрымалі любыя выпрабаванні міжнароднай турбулентнасці, і нашае сяброўства толькі ўмацоўваецца, — заявіў гаспадар сустрэчы. — Нашая з вамі супраца носіць шматпланавы характар, ідзе ў нагу з часам і пастаянна прыносіць новыя вынікі. Беларуска-кітайскія стасункі перажываюць гістарычны пік. У міжнародных справах мы таксама ўвесь час знаходзімся ў шчыльным кантакце”.

Пасля перамоваў размова, як заяўлена, працягнулася “за традыцыйным сямейным абедам”.

Пра сустрэчу Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна ранкам 29 чэрвеня без падрабязнасцяў паведаміла кітайскае дзяржаўнае тэлебачанне CCTV.

Лукашэнка прыбыў у КНР 28 чэрвеня. У пекінскім аэрапорце Шаўду яго сустрэў міністр адукацыі Хуай Цзіньпэн.

Кітай стаў першым пунктам прызначэння “працяглай камандзіроўкі” Лукашэнкі ў краіны “Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі”, якая распачалася пасля візіту ў Расію 26 чэрвеня і некалькіх дзён непублічных перагавораў з Уладзімірам Пуціным у рэзідэнцыі расійскага прэзідэнта на Валдаі (Наўгародская вобласць РФ).

Падзяліцца: