Мінск 13:20

Ордэн кармелітаў у Польшчы вітаў вызваленне манаха Гжэгажа Гавела

Гжэгаж Гавел падчас затрымання
Відэазапіс: КДБ / "Беларусь 1" Стоп-кадр: “Позірк”

30 красавіка, Позірк. Ордэн кармелітаў у Польшчы “з вялікай радасцю” ўспрыняў інфармацыю аб вызваленні манаха Гжэгажа Гавела, паведамляецца на сайце рэлігійнага аб’яднання.

“Гэта для нас, яго субратоў з польскай правінцыі Ордэна кармелітаў, а таксама для ўсіх тых, хто атачаў яго малітвай, велізарная палёгка і падстава для падзякі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Ордэн падзякаваў “усім за малітву, падтрымку і салідарнасць у гэты цяжкі час”.

“Мы таксама выказваем падзяку царкоўным і дзяржаўным уладам за любую дапамогу і прыхільнасць дзеянням, якія вялі да вызвалення брата Гжэгажа”, — падкрэсліў ордэн.

Адзначаецца, што вызвалены манах цяпер “знаходзіцца ў коле самых блізкіх і мае патрэбу ў часе, каб адпачыць пасля цяжкага досведу”.

Стан здароўя Гавела “добры, але цяпер яму патрэбен спакой і перадышка”.

Пра затрыманне ў Лепелі (Віцебская вобласць) грамадзяніна Польшчы, які нібыта збіраў сакрэтную інфармацыю для спецслужбаў сваёй краіны, сцвярджалася ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканала “Беларусь 1”, які выйшаў у эфір 4 верасня 2025 года.

Паведамлялася, што супрацоўнікі КДБ затрымалі жыхара Кракава Гжэгажа Гавела 1998 года нараджэння. Нібыта той праз сацыяльныя сеткі ўсталяваў кантакт з грамадзянінам Беларусі і прапанаваў яму супрацоўніцтва ў інтарэсах польскіх спецслужбаў.

Сцвярджалася, што супрацоўніцтва заключалася ў канспіратыўным зборы і наданні закрытай інфармацыі, звестак пра камандны склад, а таксама пра супрацоўнікаў беларускай ваеннай контрразведкі. Атрыманыя даныя Гавел нібыта перадаваў польскім сілавікам.

У прыватнасці, сакрэтныя звесткі пра ваенныя аб’екты Беларусі ён збіраў для Агенцтва ўнутранай бяспекі, а за перадачу патрэбных даных абяцаў не названаму ў рэпартажы беларусу штомесячнае грашовае ўзнагароджанне.

Адзначалася, што супрацоўнікі беларускай контрразведкі затрымалі іншаземца, як толькі ён атрымаў сакрэтны дакумент: у рэпартажы была прадэманстравана раздрукоўка на 8 старонках фармату А4 па тэме беларуска-расійскіх вучэнняў “Захад-2025”.

У дачыненні да грамадзяніна Польшчы была распачата крымінальная справа паводле арт. 358 Крымінальнага кодэкса (шпіянаж). Пра прысуд не паведамлялася.

28 красавіка на беларуска-польскай мяжы адбыўся абмен зняволенымі ў фармаце “5 на 5”.

Польскаму боку былі перададзеныя журналіст, актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут (атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы і распальванні варожасці), Польскі манах-кармеліт Гжэгаж Гавел (абвінавачваўся ў шпіянажы, суд на момант вызвалення не адбыўся), грамадзянін Польшчы Томаш Бяроза (14 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў шпіянажы і агентурнай дзейнасці), а таксама два грамадзяніны Малдовы, якія былі затрыманыя ў Расеі і абвінавачаныя ў шпіянажы.

Беларускі бок прыняў былога ўдзельніка беластоцкай харугвы (адзінкі) ваенізаванай арганізацыі “Паспалітае рушэнне“ Уладзіслава Надзейку (быў арыштаваны за перадачу ў Мінск інфармацыі пра тых, хто атрымаў у Польшчы прытулак), былога намесніка кіраўніка Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы Аляксандра Балана (працаваў на беларускі КДБ), расійскага археолага Аляксандра Буцягіна (быў затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны, якая абвінаваціла яго ў незаконных раскопках на анексаваным РФ паўвостраве Крым) і жонку расійскага вайскоўца, які служыць у Прыднястроўі (сепаратысцкі рэгіён Малдовы), Ніну Папову. Пятае прозвішча пакуль невядомае.

Падзяліцца: