Мінск 14:12

За суткі на пажарах загінулі тры чалавекі, у тым ліку браты

Вынік пажару ў в. Падваранцы
Фота: прэс-служба СК

31 траўня, Позірк. У Воранаўскім раёне (Гродзенская вобласць) на пажары загінулі два чалавекі, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

“Сёння ноччу паступіла паведамленне аб узгаранні дома ў в. Падваранцы. Пры ліквідацыі пажару ратавальнікі знайшлі целы двух мужчын (51 і 55 гадоў)”, — гаворыцца ў рэлізе.

На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Сумесна з супрацоўнікамі мясцовага ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз і МНС “праведзены агляд, зафіксавана следавая карціна, апытаны відавочцы”.

“Суседзі паведамілі следчаму, што мужчыны пражывалі разам, грэбавалі правіламі пажарнай бяспекі і напярэдадні ўжывалі спіртное. Папярэдняя прычына пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні”, — адзначае СК.

Воранаўскі раённы аддзел ведамста праводзіць праверку.

Згодна з аператыўнай зводкай МНС, за дзяжурныя суткі (з 6 гадзін раніцы 30 мая да 6:00 31-га) у Беларусі адбылося 22 пажары.

Загінула тры чалавекі, два — траўмавана.

Наконт згаданага СК выпадку гаворыцца, што загінулыя былі братамі.

Акрамя таго, згарэў жылы дом у аг. Агарэвічы Ганцавіцкага раёна (Брэсцкая вобласць). На пажары знойдзены загінулы гаспадар 1970 года нараджэння, “прычыны пажару і гібелі ўсталёўваюцца”.

За суткі адзін чалавек патануў. Гэта адбылося ў аг. Квасевічы Івацэвіцкага раёна (таксама Брэсцкая вобласць). Мужчына 1960 года нараджэння загінуў у штучным вадаёме.

Усяго, паводле даных ратавальнікаў, з пачатку года ў краіне здарылася 3.479 пажараў (годам раней — 3.065; +13,5%). На іх загінула 298 чалавек (286; 4,2%).

Падзяліцца: