Мінск 10:37

17-гадовы матацыкліст затрыманы ў Кармянскім раёне — быў нецвярозы, не меў правоў кіроўцы

Відэа: УУС Гомельскага аблвыканкама / стоп-кадр: "Позірк"

16 кастрычніка, Позірк. Аб затрыманні ў Кармянскім раёне 17-гадовага матацыкліста паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама.

Адзначаецца, што напярэдадні ўвечары ўвагу супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі прыцягнуў “матацыкл, які рухаўся без уключаных светлавых прыбораў”. На патрабаванне спыніцца кіроўца не адрэагаваў і паспрабаваў уцячы.

“Падчас пераследу парушальнік выехаў на прыпыначны пункт, дзе знаходзіўся пешаход, і ледзь не здзейсніў на яго наезд. Пешаход аказаў садзейнічанне супрацоўнікам ДАІ ў затрыманні правапарушальніка”, — гаворыцца ў паведамленні.

Высветлілася, што матацыклам кіраваў жыхар Кармы, медыцынскі агляд паказаў наяўнасць у яго 0,84 праміле алкаголю. Акрамя таго, непаўнагадовы не меў права кіравання транспартным сродкам.

У дачыненні да кіроўцы складзеныя чатыры адміністрацыйныя пратаколы. Матэрыялы перададзеныя ў камісію па справах непаўналетніх. Матацыкл змешчаны на ахоўную стаянку.

Падзяліцца: