Мінск 18:48

Рассельгаснагляд не дазволіў увезці ў Пскоўскую вобласць РФ каля 1 т дзічыны з Беларусі

15 кастрычніка, Позірк. Пра забарону на ўвоз у Пскоўскую вобласць Расіі каля 1 тоны мяса дзікіх жывёл (казулі, аленя і лася) паведамляе Федэральная служба РФ па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Паводле інфармацыі ведамства, спецыялісты, праводзячы ў вёсцы Лабок (Невельскі раён згаданай вобласці РФ) ветэрынарны кантроль у дачыненні да грузу, які прыбыў з тэрыторыі Беларусі, выявілі “адсутнасць маркіроўкі (клеймаў) на тавары”, а таксама “ветэрынарных суправаджальных дакументаў, якія пацвярджаюць бяспеку і паходжанне тавару”.

Паведамляецца таксама пра парушэнне ветэрынарна-санітарных правілаў — у транспартным сродку, які перавозіў дзічыну, не было халадзільнага абсталявання.

Тавар быў вернуты на тэрыторыю Беларусі.

Раней паведамлялася, што ў ноч на 18 верасня ў Бранскай вобласці Рассельгаснагляд забараніў “незаконны ўвоз” 800 кг мясной прадукцыі з Беларусі.

9 верасня супрацоўнікі службы не прапусцілі 100 кг каўбасы з Беларусі.

3 верасня Рассельгаснагляд паведамляў пра спыненне трох спробаў незаконнага перамяшчэння агулам 750 кг гатовай мясной і малочнай прадукцыі, якая перавозілася з Беларусі. Яны былі выяўленыя з 20 па 27 жніўня ў вёсцы Лабок той жа вобласці РФ.

24 ліпеня ведамства паведаміла пра затрыманне каля тоны ялавічыны, якая ўвозілася з Беларусі.

30 ліпеня стала вядома пра ўтылізацыю партыі замарожаных крылаў кураняці-бройлера, якія ўвозіліся з Беларусі з “фальсіфікаванымі ветэрынарнымі суправаджальнымі дакументамі”.

Падзяліцца: