Мінск 15:14

Ініцыятыва MALDZIS набыла тры гістарычныя фатаграфіі, звязаныя з радзімай Касцюшкі

Фота: MALDZIS

15 кастрычніка, Позірк. Ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Польшчы тры фатаграфіі 1930-х гадоў, звязаныя з радзімай Тадэвуша Касцюшкі — Косавам і Мерачоўшчынай (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці).

У будучыні здымкі перададуць у Музей-сядзібу Касцюшкі ў Мерачоўшчыне, паведаміла ініцыятыва.

На адной фатаграфіі адбіта мемарыяльная шыльда з барэльефным партрэтам Касцюшкі, якая знаходзілася на доме, дзе ён нарадзіўся. Здымак памерам 10 × 14 см датаваны 1936 годам. Паводле інфармацыі MALDZIS, гэта можа быць адзіная вядомая выява шыльды.

На дзвюх іншых фатаграфіях адлюстраваны палац Пуслоўскіх у Косаве (вядомы таксама як Косаўскі замак). На адной бачны фрагмент фасада, на другой — будынак цалкам з характэрнымі вежамі. На здымку фасада заўважныя выбітыя вокны і пашкоджанні інтэр’ераў.

Аўтар фатаграфій палаца — фатограф Юзаф Шыманчык, які нарадзіўся ў Косаве. На адваротным баку ўсіх трох здымкаў захаваліся штампы “Archiwum płk. dr. Czesława Hake” (архіў палкоўніка доктара Чэслава Гаке). Гаке жыў і працаваў у Косаве ў 1935–1937 гадах.

Паведамляецца, што ў 1936 годзе ў доме Касцюшкі адкрылі музей. Прыкладна ў той жа час на будынку з’явілася бронзавая шыльда з рэльефным партрэтам і памятным надпісам. Паводле інфармацыі MALDZIS, яе, верагодна, знялі ў 1939 годзе пасля ўсталявання савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Далейшы лёс шыльды невядомы.

У жніўні 1942 года дом згарэў. У 2004 годзе яго аднавілі на старых падмурках і зноў адкрылі музей.

Палац Пуслоўскіх быў пабудаваны ў XIX стагоддзі на заказ Вандаліна Пуслоўскага. У 1944 годзе ён пацярпеў праз пажар, а ў наступныя дзесяцігоддзі паступова разбураўся. Пазней палац адрэстаўравалі і адкрылі для наведвальнікаў.

Кіраўнік MALDZIS Павел Мацукевіч адзначыў, што набытыя фатаграфіі былі зробленыя ў Беларусі і захоўваюць сведчанні яе гісторыі.

Сузаснавальнік MALDZIS Рыгор Астапеня паведаміў, што набыць фатаграфіі ўдалося дзякуючы ахвяраванням прыхільнікаў ініцыятывы.

Падзяліцца: