Мінск 14:43

Жыхарка Івацэвіцкага раёна абвінавачваецца ў катаванні 78-гадовай маці

Ілюстрацыйнае фота: тэлеграм-канал Генпракуратуры

15 кастрычніка, Позірк. У Івацэвіцкім раёне (Брэсцкая вобласць) распачатая крымінальная справа ў дачыненні да 55-гадовай мясцовай жыхаркі, якая абвінавачваецца ў катаванні 78-гадовай маці, паведамляе Генеральная пракуратура.

Абвінавачанне прад’яўленае паводле ч. 1 арт. 154 Крымінальнага кодэкса (катаванне).

Згодна з матэрыяламі справы, з сакавіка да верасня 2026 года фігурантка злоўжывала алкаголем і неаднаразова збівала маці, за што прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці.

“Высноў яна не зрабіла і працягнула скандалы з рукапрыкладствам: цягала маці за валасы, біла яе мабільным тэлефонам па твары, наносіла іншыя пабоі, а аднойчы ўдарыла галавой аб сцяну”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што пажылая жанчына жыве разам з дачкой, яна “баялася помсты, калі звернецца ў міліцыю”.

Пракурор скарыстаўся правам паводле ч. 5 арт. 26 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса распачаць справу прыватна-публічнага абвінавачання без заявы пацярпелай. Падкрэсліваецца, што была выкананая наступная ўмова: “злачынства закранае істотныя інтарэсы дзяржавы і грамадства або ўчыненае ў дачыненні да чалавека, які залежыць ад абвінавачанага ці па іншых прычынах не можа сам абараніць свае правы і законныя інтарэсы”.

29 верасня паведамлялася, што ў Івацэвіцкім раёне ў 2026 годзе без заяў пацярпелых ад супрацьпраўных дзеянняў пракуратура распачала 6 крымінальных спраў прыватна-публічнага і прыватнага абвінавачання: пра пагрозу забойствам, катаванне і наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання паводле арт. 186, 154 і 153 КК.

Яшчэ ў дачыненні да 52 мясцовых жыхароў распачаты адміністрацыйны працэс за гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да блізкіх сваякоў, членаў сям’і або былых членаў сям’і. Яны асуджаныя паводле арт. 10.1 КаАП (наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання).

У Беларусі няма закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Праект адпаведнага дакумента распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 года чарговы варыянт рэзка раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка, назваўшы яго “дурасцю, узятай найперш з Захаду”.

Падзяліцца: