Мінск 13:56

У Мінскай вобласці распачата крымінальная справа за махлярства са шкодай 500 тыс. рублёў

Ілюстрацыйнае фота: Генпракуратура

15 кастрычніка, Позірк. У Мінскай вобласці распачата крымінальная справа за махлярства са шкодай звыш 500 тыс. рублёў, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле даных ведамства, для незаконнага ўзбагачэння 38‑гадовы дырэктар прыватнай арганізацыі і 37‑гадовая галоўны бухгалтар “выкарыстоўвалі дакументы і рэквізіты больш за 30 падстаўных фірмаў“. На кожную з іх афармляліся крэдыты на дзясяткі тысяч рублёў пад маркай законнага выкарыстання сродкаў. Пры гэтым, як адзначае МУС, фігуранты “не мелі рэальнай магчымасці і не мелі намеру выконваць абавязацельствы перад банкам“.

Атрыманыя сродкі “саўдзельнікі пераводзілі ў наяўныя і выдаткоўвалі на “прыгожае жыццё”, гаворыцца ў паведамленні.

Апісаная дзейнасць дырэктара і галоўнага бухгалтара працягвалася цягам года.

Фігурантам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: