Мінск 18:24

За гібель рабочага летась увосені на будоўлі ў Брэсце абвінавачанне выстаўленае кіраўніку — выканаўцу работ

Відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

15 кастрычніка, *Позірк*. 50-гадоваму кіраўніку — выканаўцу работ выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 303 КК (парушэнне правілаў бяспекі будаўнічых работ, якое з неасцярожнасці прывяло да смерці чалавека), вынікае з інфармацыі Следчага камітэта.

Мужчына паўстане перад судом па справе аб гібелі рабочага 18 лістапада 2025 года на будаўнічым аб’екце ў Брэсце.

Паводле звестак следства, брыгада займалася аздабленнем фасада пяціпавярховага будынка. Двое рабочых знаходзіліся ў люльцы пад’ёмніка на ўзроўні чацвёртага паверха, а 44-гадовы тынкоўшчык працаваў на зямлі — ля сцяны будынка.

Паведамляецца, што праз перагрузку люлька нахілілася, а ўсталяваныя на даху кансолі з процівагамі сарваліся і ўпалі на тынкоўшчыка. Мужчына памёр на месцы ад атрыманых траўмаў. Сама люлька таксама ўпала, але рабочыя, што знаходзіліся ў ёй, не пацярпелі.

Як высветлілі следчыя, выканаўца работ адказваў за арганізацыю будаўнічай дзейнасці і гарантаванне бяспекі пры эксплуатацыі будаўнічых пад’ёмнікаў. Заяўлена, што мужчына дапусціў выкарыстанне пад’ёмніка, “не прынятага ў вызначаным парадку ў эксплуатацыю”, з парушэннем правілаў бяспекі, а таксама даў указанне выкарыстоўваць фасадны пад’ёмнік для падачы цэглы ў аконны праём чацвёртага паверха.

Размяшчэнне грузу прывяло да перавышэння дапушчальнай нагрузкі на кансолі. Следчыя прыйшлі да высновы, што парушэнні патрабаванняў аховы працы знаходзяцца ў прамой прычынна-выніковай сувязі з абвальваннем пад’ёмніка і гібеллю рабочага.

Максімальнае пакаранне паводле ч. 2 арт. 303 КК — 7 гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: