Мінск 18:49

Пярцоў заклікаў моладзь нараджаць дзяцей, а не паддавацца ўплыву “шкодных ідэалогій”, якія вядуць “да спынення чалавечага роду”

Архіўнае фота: Міністэрства інфармацыі

15 кастрычніка, Позірк. Не паддавацца ўплыву “чужых каштоўнасцяў, якія прасоўваюцца ў сацыяльных сетках”, а рабіць стаўку на “стварэнне сям’і, нараджэнне дзяцей і пераемнасць пакаленняў” заклікаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Пярцоў 15 кастрычніка на сустрэчы з навучэнцамі Лідскага каледжа (уваходзіць у структуру Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы).

Пярцоў, словы якога прыводзяць дзяржаўныя СМІ, заявіў вучням, што лічбавыя гіганты праз мабільныя тэлефоны збіраюць іх даныя, “фармуюць <…> архетып, улічваюць узрост, тэрыторыю пражывання, даходы, пол, інтарэсы”. “[Збіраюць] тое, што вы шукаеце ў пошукавым радку, адпраўляеце сябру, пра што пішаце нават у асабістых паведамленнях або ў закрытым чаце”, — заявіў ён.

Пасля гэтага, паводле слоў чыноўніка, алгарытмы пачынаюць “падкідваць” моладзі “рознага кшталту інфармацыю, прасоўваць той лад і каштоўнасці, якія цікавыя заказчыкам, што ўжо маюць” на гэтую аўдыторыю “прыцэл”.

“Гэта скіравана на нашу моладзь, каб прасоўваць, укараняць і навязваць свае каштоўнасці, выціскаючы тыя, што ўласцівыя нашаму народу, старэйшаму пакаленню, — сцвярджае былы міністр інфармацыі (2021–2024). — Вашым бацькам, дзядулям і бабулям, тым, хто пастаянна павучае вас, кажучы: “Ну як ты не будзеш брацца шлюбам, а хто мне народзіць унукаў і праўнукаў?” Выкарыстоўваюцца асаблівасці стасункаў бацькоў і дзяцей, супярэчнасці, пратэстнасць, уласцівая моладзі”.

Маладыя людзі, паводле яго слоў, трапляюць пад уплыў “шкодных ідэалогій, такіх як свядомая бяздзетнасць, адмова ад сямейных стасункаў, прапаганда нетрадыцыйных стасункаў”. Усё гэта, заявіў Пярцоў, вядзе “да спынення чалавечага роду”.

“Толькі калі хлопец абірае дзяўчыну або дзяўчына хлопца, калі яны ствараюць сям’ю, нараджаюцца дзеці, жыццё на зямлі працягваецца, — заявіў чыноўнік. — Для працягу роду ў сям’і павінна быць як мінімум двое дзяцей, а калі іх трое, то ўжо наша краіна будзе прырастаць карэнным насельніцтвам, гэта вялікі плюс”.

“Калі казаць пра эканоміку, то, вядома, гэта патэнцыйныя працоўныя кадры. Але самае галоўнае — гэта папаўненне тых страшных страт, якія панесла наша зямля ў гады папярэдніх войнаў мінулага стагоддзя”, — падкрэсліў ён.

На думку выступоўцы, трэба “больш звяртацца да традыцый і ладу <…> продкаў, да праваслаўнай веры, да размовы са старэйшымі”. Прыклад, заявіў ён, могуць даць “бацькі, дзядулі і бабулі”.

15 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці”, якім уведзеная адказнасць “за прапаганду гомасексуальных стасункаў, змены полу, педафіліі і бяздзетнасці ў выглядзе штрафу ў памеры да 900 рублёў, а пры здзяйсненні ў дачыненні да непаўналетняга — да 1.350 рублёў або адміністрацыйнага арышту”.

У той жа дзень незалежныя эксперты ААН распаўсюдзілі заяву, у якой адзначылі, што “закон, які прадугледжвае “адказнасць за распаўсюд інфармацыі, якая лічыцца “прапагандай” аднаполых стасункаў на падставе ўзаемнай згоды, медыцынскай дапамогі трансгендарным асобам або рэпрадуктыўнай аўтаноміі”, прывядзе да “інстытуцыяналізацыі дыскрымінацыі і значнага павышэння рызык рэпрэсій” у Беларусі.

14 кастрычніка 2025 года Марат Маркаў, які займаў тады пасаду міністра інфармацыі, паведаміў, што ў Беларусі 173 выданні былі “прызнаныя адмыслова створанай камісіяй шкоднымі для інтарэсаў краіны”. Паводле сцвярджэння Маркава, гэтыя кнігі — крыніцы “прапаганды парнаграфіі, ЛГБТ, гвалту, жорсткасці і г.д.”.

Раней Маркаў тлумачыў існаванне пераліку барацьбой з “прапагандай гвалту, нянавісці або вычварэнняў”.

У 2024 годзе былі ўнесеныя змены ў інструкцыю Міністэрства культуры, якія адвольна пашырылі вызначэнне тэрміна “парнаграфія”, а таксама папраўкі ў закон аб правах дзіцяці (прыняты ў другім чытанні ў чэрвені 2025 года), якія пашырылі пералік інфармацыі, шкоднай для здароўя і развіцця дзіцяці.

Падзяліцца: