Мінск 18:46

Літоўскія памежнікі прымусова пасадзілі чарговы беспілотнік з беларускімі цыгарэтамі

Фота: САДМ Літвы

15 кастрычніка, Позірк. Дрон з грузам кантрабандных цыгарэт быў прымусова пасаджаны ў ноч на 14 кастрычніка ў Шальчынінкайскім раёне Літвы, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) пры МУС гэтай балтыйскай краіны.

Паводле інфармацыі ведамства, гэта адбылося ў так званай Дзевянішкскай пятлі — тэрыторыі Літвы, з трох бакоў акружанай Беларуссю.

Адзначаецца, што памежнікі пачулі гук беспілотніка, а пасля выявілі яго з дапамогай прыбораў начнога бачання. Яны выкарысталі антыдронавае абсталяванне — траекторыя палёту апарата змянілася, той пачаў падаць.

На досвітку супрацоўнікі САДМ выявілі два скруткі, а пасля пашкоджаны пры падзенні беспілотнік. У скрутках знаходзілася 1 тыс. пачкаў цыгарэт NZ Gold і Minsk Super Slims з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт грузу з улікам абавязковых да выплаты ў Літве падаткаў — 5.520 еўра.

Па факце “перавозкі падакцызных тавараў з парушэннем вызначанага парадку” распачатая адміністрацыйная вытворчасць.

Паводле даных САДМ, у 2026 годзе літоўскія памежнікі прымусова пасадзілі ўжо 65 беспілотнікаў, якія выкарыстоўваліся для дастаўкі нелегальных цыгарэт з Беларусі. За ўвесь 2025 год было перахоплена 59 такіх апаратаў, у 2024-м — 54.

Падзяліцца: