Мінск 17:34

Ціханоўская заклікала Еўропу да адзінства перад абліччам дыктатур

Фота ў тэлеграм-канале Ціханоўскай

15 кастрычніка, Позірк. Захоўваць адзінства і рашуча адказваць на дзеянні дыктатур заклікала дэмакратычныя краіны Святлана Ціханоўская, выступаючы 15 кастрычніка з асноўнай прамовай на Вільнюскім саміце свабоды.

“Дыктатары спрабуюць нас падзяліць, — цытуе беларускага палітыка яе прэс-служба. — Яны правяраюць нашыя краіны на адзінства. Выпрабоўваюць нашу салідарнасць. Яны шукаюць нашыя слабыя месцы, каб выкарыстаць іх супраць нас”.

Паводле яе слоў, найлепшы адказ дэмакратычных краін на гэтыя выклікі — дэманстрацыя сілы і падтрымка адзін аднаго.

“Для нас, беларусаў, як і для многіх іншых народаў, Еўропа — наша мэта. Еўропа — наша сям’я”, — заявіла дэмлідар.

Арганізатарамі Вільнюскага саміту свабоды ёсць МЗС Літвы і міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House. На форуме сабраліся праваабаронцы, былыя палітвязні, прадстаўнікі дэмакратычных урадаў і грамадзянскай супольнасці з Еўропы і Лацінскай Амерыкі.

Сярод іншых у сустрэчы бяруць удзел літоўскі міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс, кіраўнік Freedom House Джэймі Флай, нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, украінскі журналіст Станіслаў Асееў (прайшоў праз зняволенне ў данецкай турме “Ізаляцыя”), прадстаўнікі дэмакратычных рухаў Венесуэлы, Кубы і Нікарагуа.

Мэта форуму палягае ў тым, каб выпрацаваць практычныя рэкамендацыі для ўрадаў і міжнародных арганізацый па падтрымцы дэмакратычных рухаў і абароне людзей ад рэпрэсій. Галоўныя тэмы — падтрымка палітвязняў і праваабаронцаў, у тым ліку пасля вызвалення, а таксама супрацьдзеянне супрацы аўтарытарных рэжымаў, супольная рэакцыя Еўропы і ЗША на тое, што гэтыя рэжымы абменьваюцца тэхналогіямі сачэння і метадамі рэпрэсій, абыходу санкцый, дэзынфармацыі і транснацыянальнага пераследу.

Напярэдадні Ціханоўская заклікала краіны Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе супрацьдзейнічаць транснацыянальным рэпрэсіям беларускіх уладаў.

Падзяліцца: