Мінск 20:59

У Беларусі няма чаргі шматдзетных на жыллё — атрымліваюць на працягу года, сцвярджае Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

15 кастрычніка, Позірк. У Беларусі “ўжо і чаргі шматдзетных [на жыллё] няма — на працягу года атрымліваюць”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 15 кастрычніка Верхнядзвінскі раён (Віцебская вобласць).

“Калі такое было? Ніколі не было. І мы небагатая краіна… Мы ад гэтай палітыкі не адыдзем”, — цытуе палітыка яго прэс-служба.

Лукашэнка таксама заявіў, што не здымае з сябе “адказнасці за трэцяе дзіця”. “Праўда, цяпер вал пайшоў лістоў: “Аляксандр Рыгоравіч, вы абяцалі, а ў мяне трое”. Ну дык мы дапамагаем. Некаторыя траіх нарадзілі адразу. Гэта адзінкі, некалькі дзясяткаў. Мы выдзелілі ім жыллё. Траіх вынасіць, нарадзіць — гэта ж нялёгка”, — сказаў ён.

Іншым шматдзетным, паводле сцвярджэння выступоўцы, “дзяржава таксама дапамагае з жыллём”.

Акрамя таго, падкрэсліў ён, у Беларусі “будуць і надалей рабіць усё неабходнае”, каб у дзяцей як у гарадах, так і ў сельскіх населеных пунктах, “былі ўсе магчымасці для развіцця і нармальнага жыцця”.

Палітык заклікаў “цаніць і берагчы жыццё на вёсцы, у невялікіх населеных пунктах, дзе ў параўнанні з вялікімі гарадамі больш прыроды і прасторы”. “Будзем вам патроху дапамагаць. Каб дзеці вашы былі такія, як у горадзе, адукацыю атрымалі”, — заявіў ён.

Паводле раней прааналізаваных “Позіркам” даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2020 годзе ў Беларусі для шматдзетных было пабудавана 12.584 кватэры, у 2021-м — 12.192, 2022-м — 11.231, 2023-м — 8.425, 2024-м — 6.312, 2025-м — 6.664. Такім чынам, за пяць гадоў гэты паказчык знізіўся ў 1,9 раза.

У студзені — чэрвені 2026 года арганізацыі ўсіх формаў уласнасці пабудавалі для гэтай катэгорыі насельніцтва 156,5 тыс. кв. м — на 34,5% менш, чым за аналагічны перыяд 2025-га (238,8 тыс.).

22 верасня на нарадзе аб перспектывах жыллёвага будаўніцтва і эфектыўнасці выкарыстання арэнднага жылля Лукашэнка паведаміў, што ў Беларусі 542 тыс. сем’яў знаходзяцца на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Паводле яго слоў, у 2026–2030 гадах з дзяржаўнай падтрымкай плануецца пабудаваць 6,5 млн кв. м жылля, у тым ліку 5 млн кв. м — арэнднага.

Праведзены “Позіркам” аналіз даных Белстата паказаў, што ў студзені — жніўні 2026 года арганізацыі ўсіх формаў уласнасці пабудавалі на 18,7% менш новых кватэр, чым за аналагічны перыяд 2025 года, — 19,6 тыс. супраць 24,1 тыс.

Савет міністраў пастановай № 3 ад 5 студзеня вызначыў заданні па жыллёвым будаўніцтве на 2026 год: на падставе дзяржзамовы — 407,4 тыс. кв. м; з дзяржаўнай падтрымкай — 238,3 тыс. кв. м; арэнднага жылля — 650 тыс. кв. м; жылля, у якім для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы выкарыстоўваецца электраэнергія, — 315 тыс. кв. м; жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання — 22,9 тыс. кв. м.

Пастанова прадугледжвае, што 5,93 тыс. шматдзетных сем’яў маюць быць забяспечаныя жыллём у адпаведнасці з патрабаваннем пра накіраванне такіх сем’яў на паляпшэнне жыллёвых умоў цягам аднаго года з дня пастаноўкі на ўлік у якасці тых, хто мае патрэбу ў гэтым.

Будаўніцтва арэнднага жылля ўваходзіць у пяцёрку галоўных прыярытэтаў урада на 2026–2030 гады. Летась увосені міністр эканомікі Юрый Чабатар заяўляў, што ў дачыненні да арэнднага жылля “ўся заканадаўчая база” ўжо створаная: “Людзі ведаюць, на якіх падставах, паводле якіх правілаў можна будзе [яго] выкупляць. Адпаведны ўказ прыняты. Указ прыняты і пра тое, на якіх умовах прадпрыемствы будуць крэдытавацца для стварэння свайго арэнднага жыллёвага фонду”.

Падзяліцца: