Мінск 00:03

Амбасадар Беларусі абмеркаваў з кіраўніцтвам Мінгандлю Турцыі маршруты і ўмовы дастаўкі грузаў паміж дзвюма краінамі

15 кастрычніка, Позірк. Пытанні “пашырэння гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай супрацы” сярод іншага абмеркаваў 15 кастрычніка з намеснікам міністра гандлю Турцыі Мустафой Тузджу амбасадар Беларусі Анатоль Глаз.

Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, бакі “адзначылі рост узаемнага тавараабароту ў 2026 годзе і пацвердзілі намеры нарошчваць аб’ёмы гандлю і пашыраць наменклатуру прадукцыі, якая пастаўляецца”.

Беларускі дыпламат і турэцкі чыноўнік таксама разгледзелі падрыхтоўку чарговага пасяджэння супольнай міжурадавай эканамічнай камісіі, якая адыгрывае “ключавую ролю ў каардынацыі эканамічных стасункаў паміж дзвюма краінамі і вызначэнні іх стратэгічных арыенціраў”.

“Разгледзелі пытанні стымулявання і абароны ўзаемных інвестыцый, стварэння максімальна спрыяльных умоў для дзелавых колаў абедзвюх краін і рэалізацыі супольных вытворчых ініцыятыў, — гаворыцца ў паведамленні. — Дэталёва абмеркавалі лагістычны складнік двухбаковых стасункаў, уключаючы аптымізацыю маршрутаў і ўдасканаленне ўмоў дастаўкі грузаў паміж Беларуссю і Турцыяй”.

Глаз і Тузджу, як сцвярджаецца, “пацвердзілі гатоўнасць да працягу актыўнага дыялогу і паслядоўнай рэалізацыі ўсіх дасягнутых дамоўленасцяў”.

Падзяліцца: