Мінск 02:12

Пажар у інтэрнаце на праспекце Пушкіна ў Мінску — загінуў чалавек

Видео: пресс-служба МЧС / стоп-кадр: "Позірк"

16 кастрычніка, Позірк. Адзін чалавек загінуў у выніку пажару, які здарыўся позна ўвечары 15 кастрычніка на праспекце Пушкіна ў Мінску.

Прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях апублікавала кадры тушэння, якія дазваляюць выказаць меркаванне, што пажар быў у інтэрнаце № 1 УП “Мінскаблсельбуд” (пр. Пушкіна, 20).

Паводле інфармацыі ведамства, да моманту прыезду пажарных з акна на 6-м паверсе “назіраўся моцны дым”.

“Падчас выведкі ў пакоі, што гарэў, без прытомнасці былі знойдзеныя двое пацярпелых: мужчына і жанчына, — гаворыцца ў паведамленні. — Іх вынеслі з небяспечнай зоны і перадалі медыкам. Пасля рэанімацыйных мерапрыемстваў пацярпелая жанчына апрытомнела. Яе шпіталізавалі. Медыкі канстатавалі смерць мужчыны”.

Адзначаецца, што праз моцнае задымленне ўзнікла пагроза для жыхароў суседніх кватэр і кватэр на верхніх паверхах: “Работнікі МНС выратавалі 11 чалавек, з іх 5 дзяцей. Усе яны не пацярпелі. Таксама ратавальнікі эвакуявалі яшчэ 40 чалавек”.

Задымленыя памяшканні праветрылі з дапамогай адмысловага абсталявання. На месцы здарэння працавала 12 адзінак тэхнікі.

Падзяліцца: