Мінск 11:49

Утрая скарочаны тэрмін падачы іскаў аб прызнанні кінутых аўтамабіляў безгаспадарнымі

11 жніўня, Позірк. Тэрмін падачы ў суд заявы аб прызнанні транспартнага сродку безгаспадарным і перадачы яго ва ўласнасць адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі скарочаны з 30 да 10 дзён, вынікае з указа Аляксандра Лукашэнкі ад 10 жніўня № 270.

Як паведамляе яго прэс-служба, уносяцца змены ва ўказ ад 9 жніўня 2011-га № 348 “Аб мерах па арганізацыі збору, захоўвання неэксплутаваных транспартных сродкаў і іх наступнай утылізацыі”.

Згодна з новым указам, да неэксплуатаваных транспартных сродкаў аднесены “няспраўныя самаходныя машыны (трактары і аналагічная тэхніка), пакінутыя па-за прыдамавымі ўчасткамі прыватных дамоў і стаянак”.

Правам на правядзенне работ з кінутым транспартам надзелены арганізацыі, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку выканкамамі. Ім разам з выканкамамі даецца магчымасць “атрымліваць звесткі аб асобах, якія раней мелі непасрэднае дачыненне да кінутай тэхнікі (ажыццяўлялі яе страхаванне, тэхагляд, выплату штрафаў) і маглі з’яўляцца яе ўласнікамі, для наступнага накіравання ім паведамленняў”.

Раней дзяржСМІ паведамлялі са спасылкай на начальніка ўпраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Аляксандра Ракаўшчыка, што ў 2025 годзе толькі са сталічных вуліц было ўбрана больш за 4,6 тыс. транспартных сродкаў, якія не эксплуатуюцца.

Падзяліцца: