Мінск 11:15

МАРГ выявіў на рынку пад Мінскам цытрусавыя па цане ў некалькі разоў вышэйшай за дазволеную

10 жніўня, Позірк. Тавары са значным завышэннем цэн выявіла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) падчас “кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў на рынку “Валяр’янава“ (гандлёвы комплекс у Мінскім раёне. — Позірк.).

Як паведамляе МАРГ, фактычныя раздробныя цэны склалі на апельсіны 25 рублёў пры максімальна дазволенай 8,89 рубля; на мандарыны — ад 19,90 да 35 рублёў (5,44–8,89).

Замест дапушчальных 33–34% (з улікам аптовай надбаўкі і надбаўкі імпарцёра) былі ўстаноўленыя надбаўкі ў памеры ад 274,7% на апельсіны да 424,58% на мандарыны, робіць выснову ведамства.

Эканамічны суд Мінскай вобласці аштрафаваў ТАА“Валеркам ” (рознічны прадавец на рынку) больш чым на 30 тыс. рублёў. Да адміністрацыйнай адказнасці таксама прыцягнутая службовая асоба.

10 ліпеня ўрад паведаміў аб карэкціроўцы дзеючай сістэмы рэгулявання цэн. Пералік тавараў, якія падлягаюць яму, скарочаны з 199 да 76 пазіцый.

Спажывецкія цэны сёлета ў ліпені павялічыліся на 0,3%, у параўнанні са снежнем 2025-га рост склаў 3,2%, у гадавым вымярэнні (да ліпеня 2025-га) — 4,4%.

Летась інфляцыя склала 6,8%. Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта планавых) параметраў развіцця краіны на мінулы год, паказчык не павінен быў перавысіць 5%.

На бягучы год інфляцыя запланаваная на ўзроўні не больш за 7%.

За першую палову 2026 года МАРГ выявіў парушэнні цэнаўтварэння больш чым у 150 суб’ектаў гаспадарання.

Падзяліцца: