Рыжанкоў абвінаваціў Латвію ў жаданні атрымаць “экстрафінансаванне з еўрапейскіх структур” за закрыццё мяжы

10 жніўня, Позірк. У імкненні атрымаць “экстрафінансаванне з еўрапейскіх структур” за закрыццё мяжы з Беларуссю абвінаваціў Латвію кіраўнік беларускага МЗС Максім Рыжанкоў 9 жніўня.
На думку міністра, якое ён выказаў у эфіры дзяржтэлеканала “Беларусь 1”, Латвія робіць тое, што “праходзіла ўжо Польшча, прайшла Літва”.
“Цяпер латышы вырашылі таксама паказаць нейкі пік актыўнасці на мяжы, паказаць, што яны менавіта тут стрымліваюць орды мігрантаў з мэтай таго, каб звярнуцца ў Еўрапейскі саюз, выпампаваць з іх грошы падаткаплацельшчыкаў усяго Еўрапейскага саюза сабе. А там ужо яны як рэалізуюць, так рэалізуюць”, — заявіў кіраўнік МЗС.
Паводле сцвярджэння Рыжанкова,“нават прадстаўнікі Еўрасаюза кажуць, што перабольшаная тэма нелегальнай міграцыі праз беларускую тэрыторыю, тым больш няма сярод гэтых мігрантаў менавіта беларусаў”. “Гэта значыць, мы не з’яўляемся крыніцай нелегальнай міграцыі”, — дадаў чыноўнік.
Рыжанкоў заявіў, што нелегальна пераходзіць еўрапейскую мяжу спрабуюць грамадзяне трэціх краін, “якія знаходзяцца за многія тысячы кіламетраў ад Беларусі”.
Як адзначыў чыноўнік, у Еўрапейскі саюз спрабуюць патрапіць сотні тысяч мігрантаў праз Лівію, Туніс, Егіпет, Сірыю, нядаўна мігранты з Марока праніклі ў Сеуту, гішпанскі эксклаў на поўначы Афрыкі. “Займіцеся вы сур’ёзнымі рэчамі”, — заклікаў Рыжанкоў, звяртаючыся да еўрапейскіх краін.
На яго думку, некаторыя маладыя палітыкі ў Латвіі “любяць песціцца такімі рэчамі, думаючы, што гэта ім дасць ачкоў палітычных як у самой краіне, так Еўрапейскім саюзе, сярод тых элітаў, якія сёння выступаюць з заўзятымі, антырасійскімі і антыбеларускімі падыходамі”.
Даведка “Позірку”. Да такой жа рыторыкі прадстаўнікі Мінска звярталіся пасля закрыцця мяжы з Беларуссю Літвой і Польшчай. Напрыклад, у кастрычніку 2025 года, калі да гэтай меры звярнулася Літва на фоне ўварвання паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі, прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў заявіў, што літоўскія палітыкі хочуць атрымаць свой фінансавы куш з бюджэту ЕС.
31 ліпеня 2026 года міністр унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава абвясціў аб закрыцці мяжы з Беларусі. Паводле слоў прадстаўніка Дзяржаўнай памежнай аховы, у адзіным працуючым пункце пропуску Патэрніекі “паўсталі тэхнічныя праблемы, звязаныя са збоямі ў працы інфармацыйных сістэм“.
Днём раней Домбрава заклікаў суайчыннікаў устрымацца ад паездак у Беларусь. Прычынай міністр назваў разгорнутую Мінскам “міграцыйную гібрыдную вайну”, калі з беларускай тэрыторыі ў Латвію рэгулярна спрабуюць пранікнуць нелегальныя мігранты з Азіі і Афрыкі. У такіх умовах, паводле слоў кіраўніка МУС, бяспечнае перамяшчэнне паміж краінамі можа быць абцяжаранае.
3 жніўня беларускі МЗС заявіў аб магчымасці прыняць у дачыненні да Латвіі “дзеянні ў адказ“, у тым ліку “несіметрычнага характару”, у сувязі з закрыццём пункта пропуску Патэрніекі.
МУС Латвіі прапанавала закрыць мяжу з Беларуссю для насельніцтва і грузавога транспарту, каб “гарантаваць недатыкальнасць дзяржавы, прадухіліць пагрозу грамадскаму парадку, стварыць яшчэ больш спрыяльныя ўмовы для выканання абавязкаў Дзяржаўнай памежнай аховы і іншых уцягнутых службаў па прадухіленні незаконнага перасячэння мяжы, а таксама аптымізаваць наяўныя ў распараджэнні памежнай аховы рэсурсы ва ўмовах крызісу“. Прапанова не была прынятая. Увечары 4 жніўня памежная служба Латвіі аднавіла праверку транспарту ў пункце пропуску.
Адначасова ўрад пашырыў спіс сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, якія забаронена імпартаваць з Беларусі.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.
Паводле аналізу аператыўных звестак памежных службаў суседніх краін ЕС, які правёў “Позірк“, у 2026 годзе Латвія ўпершыню стала самым папулярным кірункам у мігрантаў: на яе долю прыпадае 86,9% усіх спробаў нелегальна перасекчы мяжу.
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- ПалітыкаДарадца Ціханоўскай: Мінск актывізаваў выкарыстанне Інтэрпола для палітычнага пераследу, новыя выпадкі — штотыдзеньМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка



