Мінск 14:11

У ліпені спажывецкія цэны выраслі на 0,3%, з пачатку 2026 года — на 3,2% (дапоўнена)

Ілюстрацыя: "Позірк"

10 жніўня, Позірк. Спажывецкія цэны ў ліпені 2026 года павялічыліся на 0,3%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Харчовыя тавары за месяц патаннелі на 0,3%, нехарчовыя — падаражэлі на 0,8%, паслугі — на 0,6%.

У параўнанні са снежнем 2025-га рост цэн склаў 3,2%. Харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 1,5%, нехарчовыя — на 2,3%, паслугі — на 7,3%.

У гадавым вымярэнні (да ліпеня 2025-га) цэны сталі вышэйшыя на 4,4%: на харчовыя тавары — на 3,1%, нехарчовыя — на 2,9%, паслугі — на 8,7%.

Летась інфляцыя склала 6,8%. Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта планавых) параметраў развіцця краіны на мінулы год, паказчык не павінен быў перавысіць 5%.

На бягучы год інфляцыя запланавана на ўзроўні да 7%.

Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ад 30 снежня 2025 года № 84.

У студзені цэны не павінны былі вырасці больш чым на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (фактычна +0,5%), у лютым (з нарастаючым вынікам) — не больш за 2% (+1%), сакавіку — 2,5% (+1,6%), красавіку — 3,1% (+2,5%), траўні — 3,4% (+2,6%), чэрвені — 3,8% (+2,9%), ліпені — 4% (+3,2%).

Далей: жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Стрымліванне цэн і інфляцыі “ў запланаваным калідоры“ застаецца за ўрадам, заявіў Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня на нарадзе ў Вілейскім раёне (Мінская вобласць).

Цяперашні паказчык інфляцыі Лукашэнка назваў “быццам бы нядрэнным“, аднак “супакойвацца нельга — гэта ж рост”. Ён адзначыў, што “па асобных таварах рост вышэйшы: на капусту (белакачанную свежую) з пачатку года цэны выраслі на 38%, цыбулю рэпчатую — на 24%, буракі — на 17%”.

Парушэнні дысцыпліны цэнаўтварэння, падкрэсліў Лукашэнка, “дапускаюцца паўсюдна, нават справы крымінальныя распачыналі”.

Гаворачы аб рашэнні ўрада аб скарачэнні пераліку рэгуляваных тавараў з 200 да 76 пазіцый (72 — харчовыя і чатыры — нехарчовыя), ён заявіў, што “трэба будзе паглядзець, як гэта спрацуе ў перспектыве“.

Пра “ўстойлівасць запаволення інфляцыйных працэсаў” гаворыцца ў квартальным аглядзе Нацыянальнага банка, апублікаваным 3 жніўня.

Акрамя таго, сцвярджае рэгулятар, устойлівае запаволенне росту спажывецкіх цэн “спрыяла памяншэнню інфляцыйных чаканняў”: “Паводле апытання насельніцтва, у чэрвені адчуваная рэспандэнтамі інфляцыя за апошнія 12 месяцаў склала 6,7%, чаканы ў наступныя 12 месяцаў рост коштаў на 6,2%” (у сакавіку на 7,6% і 7,1% адпаведна. — Позірк.).

За першую палову 2026 года Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выявіла парушэнні цэнаўтварэння больш чым у 150 суб’ектаў гаспадарання.

Паводле інфармацыі ведамства, накіравана 75 прадпісанняў аб выяўленых парушэннях. Меры адміністрацыйнай адказнасці і прафілактычнага характару прымененыя ў дачыненні да 213 асоб, штрафныя санкцыі па выніках адміністрацыйных спраў — больш за 128 тыс. рублёў (у тым ліку па матэрыялах мінулых гадоў).

Падзяліцца: