Мінск 11:46

У 30 раёнах Беларусі забаронена наведваць лясы, няма абмежаванняў — у адным

11 жніўня, Позірк. У 30 раёнах Беларусі са 118 забаронена наведваць лясы, вынікае з інтэрактыўнай карты на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

Найбольшая іх колькасць у Гомельскай вобласці (17): Акцябрскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі і Чачэрскі.

Таксама гэта датычыцца Касцюковіцкага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Мсціслаўскага, Слаўгарадскага, Хоцімскага і Чэрыкаўскага раёнаў (Магілёўская вобласць), Барысаўскага, Любанскага, Салігорскага, Слуцкага раёнаў (Мінская вобласць), Столінскага раёна (Брэсцкая вобласць).

У Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці лясы можна наведваць свабодна.

У 87 раёнах краіны наведванне лясоў абмежаванае.

Паводле звестак Белгідрамета, 11 жніўня тэмпература паветра будзе вагацца ад +19° па паўночным захадзе да +29° па паўднёвым усходзе. На большай частцы тэрыторыі дажджы, навальніцы. Вецер заходні парывісты, у многіх раёнах моцны парысты.

Абвешчанае штармавое папярэджанне — аранжавы ўзровень небяспекі.

У Беларусі шкала метэаралагічнай небяспекі ўключае: зялёны (бяспечны); жоўты (надвор’е патэнцыйна небяспечнае: магчымыя навальніцы, дажджы, парывы ветру або ўмераныя адхіленні тэмпературы ад нормы); аранжавы (надвор’е небяспечнае: чакаюцца моцныя ліўні, шквалы, град, спякота да +35° і вышэй або моцныя маразы); чырвоны (надвор’е экстрэмальна небяспечнае: прагназуюцца стыхійныя бедствы, буйны град, разбуральныя буры або надзвычайная спякота, якія нясуць прамую пагрозу бяспецы і могуць прывесці да сур’ёзных наступстваў).

Падзяліцца: