Мінск 11:55

На пошукі зніклых у Кыргызстане альпіністаў, у тым ліку з Беларусі, сабрана амаль 50 тыс. еўра

Фота: Kurumdy.by

10 жніўня, Позірк. На пошукі ў гарах Кыргызстана беларускіх і літоўскага альпіністаў сабрана 49 тыс. еўра, паведамляецца на сайце, прысвечаным зніклым скалалазам.

Сродкі збіраюцца на арэнду верталёта, працу ратавальнікаў, у тым ліку іх дастаўку людзей у раён пошукаў, а таксама рыштунак, расходныя матэрыялы, акумулятары для дронаў, сродкі сувязі і харчаванне для тых, хто ідзе наверх.

Зніклі 43-гадовы інжынер-канструктар з Мінска Максім Палянскі, 60-гадовы інжынер, кандыдат у майстры спорту па турызме Мікалай Свірыдаў і 37-гадовы жыхар Вільнюса (Літва) Сяргей Рубцоў.

Палянскі і Свірыдаў маюць тытул “Снежны барс”. Гэта азначае, што яны падняліся раней на ўсе пяць вяршыняў гор-сямітысячнікаў былога СССР.

Адзначаецца, што на рахунку групы Kurumdy.by дзясяткі складаных узыходжанняў.

Сродкі збіраюцца на арэнду верталёта, работу ратавальнікаў-вышыннікаў, у тым ліку іх дастаўку людзей у раён пошукаў, а таксама рыштунак, расходнікі, акумулятары для дронаў, сувязь і харчаванне для тых, хто ідзе наверх.

Адзначаецца, што 1 жніўня група ў поўным складзе ўзнялася на пік Курумды (Ісык-Кульская вобласць), прайшоўшы маршрут па Паўночным грэбні.

Днём пазней мужчыны выйшлі на сувязь апошні раз. Да аўтамабіля, які чакаў іх 4 жніўня, яны не дашлі. Цяпер ідзе пошукавая аперацыя.

10 жніўня да раёна пошукаў выехала група з прафесійным БПЛА. Працаваць дрон будзе вылазкамі ў вокны паміж снегападамі.

Падзяліцца: