Мінск 14:44

З 2020 года ў Беларусі ліквідавана не менш за 2.044 НКА — Lawtrend

Ілюстрацыйнае фота: Akshika Singh / unsplash.com

6 ліпеня, Позірк. З 2020 года да канца чэрвеня 2026-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 2.044 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, вынікае з новага агляду праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец траўня колькасць ліквідаваных арганізацый складала 2.033, красавіка — 2.022, сакавіка — 2.020, лютага — 2.012, студзеня — 1.995; снежня 2025 года — 1.990, 2024-га — 1.891, 2023-га — 1.509.

Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец чэрвеня ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася не менш за 1.244 некамерцыйныя арганізацыі. Рашэнне пра самастойную ліквідацыю прыняла сама меней 800 НКА. У чэрвені да іх дадалося 11 арганізацый: па пяць грамадскіх аб’яднанняў і недзяржаўных устаноў, а таксама адна асацыяцыя.

Праваабаронцы адзначаюць, што сітуацыя са свабодай асацыяцый у Беларусі ў чэрвені 2026 года характарызавалася захаваннем ціску на арганізацыі грамадзянскай супольнасці і іх прадстаўнікоў. Працягнулася практыка адвольнага выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства, захаваўся адміністрацыйны і крымінальны пераслед актывістаў.

Адзначаецца, што 1 чэрвеня 2026 года быў прыняты закон “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання”, які набудзе моц з 1 ліпеня 2027 года.

Хаця закон не распаўсюджваецца на грамадскія аб’яднанні і фонды, ён уводзіць “жорсткія правілы” для прыватных устаноў і асацыяцый, уключаючы абавязковую праверку на “пагрозу нацыянальнай бяспецы” пры рэгістрацыі і магчымасць ліквідацыі за няажыццяўленне дзейнасці на працягу 24 месяцаў, адзначаецца ў аглядзе.

Акрамя таго, у чэрвені набыў моц арт. 19.16 КаАП аб адказнасці за прапаганду ЛГБТК+, чайлдфры, педафіліі і змены полу.

“Выкарыстанне нявызначанага паняцця “прапаганда” стварае шырокія магчымасці для адвольнага выкарыстання нормы. У выніку яе дзеянне патэнцыйна распаўсюджваецца на інфармацыйныя, адукацыйныя, даследчыя і праваабарончыя матэрыялы, якія закранаюць пытанні правоў ЛГБТК+, гендарнай роўнасці, дыскрымінацыі, сэксуальнай адукацыі ды іншых звязаных тэм. Гэта стварае дадатковыя рызыкі для асобных актывістаў, якія працуюць у адпаведных сферах, а таксама арганізацый грамадзянскай супольнасці, сродкаў масавай інфармацыі (для дзвюх апошніх катэгорый памер штрафу можа скласці 200 базавых велічыняў)”, — адзначае Lawtrend.

Праваабаронцы робяць выснову, што, нягледзячы на ​​зніжэнне інтэнсіўнасці ліквідацый у параўнанні з пікавымі перыядамі 2021–2024 гадоў, наступствы кампаніі па знішчэнні незалежнай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі захоўваюць сістэмны характар.

Падзяліцца: