Мінск 12:50

Золатавалютныя рэзервы Беларусі за чэрвень 2026 года знізіліся на 881,8 млн долараў (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: Yana Hurska / unsplash.com

6 ліпеня, Позірк. Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 ліпеня 2026 года склалі 14 млрд 155,8 млн долараў у эквіваленце, сведчаць папярэднія даныя Нацыянальнага банка.

За месяц золатавалютныя рэзервы знізіліся на 881,8 млн долараў, або на 5,86% (на 1 чэрвеня — 15 млрд 37,6 млн; зніжэнне назіраецца другі месяц запар).

На 1 студзеня 2026 года ЗВР складалі 14 млрд 423 млн долараў. Такім чынам, за першае паўгоддзе яны знізіліся на 267,2 млн, або на 1,85%.

Манетарнае золата ў структуры золатавалютных рэзерваў на 1 ліпеня склала 6 млрд 982,3 млн долараў (-896,9 млн за месяц; -11,38%), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 399,8 млн (-9,4 млн; -0,67%), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 5 млрд 773,6 млн (24,5 млн; +0,43%).

З гэтага вынікае, што зніжэнне ЗВР у чэрвені найперш адбылося за кошт значнага скарачэння запасаў манетарнага золата.

Рэзервовая пазіцыя ў Міжнародным валютным фондзе і іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

На нарадзе ў сярэдзіне кастрычніка 2025 года Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўніку Нацбанка Раману Галоўчанку “патрошку пускаць у абарот” ЗВР і “дзейнічаць па-гаспадарску”.

“Тое, што валюты больш з’яўляецца, гэта добра. Але валюта мае працаваць. І трэба мець запас столькі, колькі нам трэба”, — заявіў ён.

Падзяліцца: