Мінск 15:05

Супраць Беларусі працягваецца гібрыдная вайна, сцвярджае Лукашэнка

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

6 ліпеня, Позірк. Супраць Беларусі працягваецца гібрыдная вайна, заявіў Аляксандр Лукашэнка 6 ліпеня ў Мінску на цырымоніі ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых вайсковых навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу.

“Эканамічны дыктат, палітычны і інфармацыйны прэсінг дапаўняюцца актыўным шпіянажам і правакацыямі на нашых паўднёвых рубяжах, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Асобных заходніх палітыкаў проста раздражняюць нашы самастойнасць і незалежнасць. [Раздражняе] наш саюз з Расіяй і прыхільнасць да мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне”.

Лукашэнка запэўніў афіцэраў, што ніхто іх “у гэтую бойню пасылаць не будзе”, бо Беларусі вайна не патрэбная, і “гэта дрэнна, што вайна ідзе ва Украіне”.

Пры гэтым ён абвінаваціў сусветную супольнасць у зацягванні вайны ва Украіне (“Партыя вайны” усімі сіламі імкнецца да зацягвання гэтага ўзброенага супрацьстаяння, міжнародная “партыя вайны”), не згадаўшы, што поўнамаштабную агрэсію распачала РФ, а ўкраінскі бок абараняецца.

“Зразумела, што нашчадкаў Трэцяга рэйха раздзіраюць фантомныя болі ад ранейшых ваенных няўдач іх дзядоў і прадзедаў. Не дае спакою прага рэваншу, — сказаў Лукашэнка. — Крывадушна дэкларуючы прыхільнасць да міру, Еўрапейскі саюз адкрыта ўзяў курс на мілітарызацыю (а гэта фактычна — НАТО). Мільярды выдаткоўваюцца на закупку ўдарна-наступальных узбраенняў. Пры гэтым нагнятаецца абсурдная істэрыя вакол уяўнай “пагрозы з усходу”.

“Мы мірныя людзі, ваяваць не хочам, але і перад ворагам галавы схіляць не збіраемся”, — дадаў ён.

У апошні час Украіна заняла больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Мінска. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі публічна запатрабаваў ад беларускіх уладаў неадкладна спыніць любую падтрымку Расіі.

На фоне папярэджання Кіева пра наступствы за дапамогу Маскве, а таксама двух інцыдэнтаў, калі на тэрыторыі РФ пад удар трапілі два аўтобусы з беларускімі грамадзянамі, Лукашэнка зрабіў шэраг дыпламатычных крокаў для ўмацавання сваіх пазіцый.

Напрыканцы чэрвеня ён здзейсніў візіт у Расію і сустрэўся з яе прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным (дэталі перагавораў, якія, паводле паведамленняў прэс-службаў палітыкаў, праводзіліся на працягу двух дзён, не раскрытыя). Незадоўга да сустрэчы прэс-сакратар расійскага лідара Дзмітрый Пяскоў заявіў, што суразмоўцы маюць намер абмеркаваць у тым ліку “пагрозы Уладзіміра Зяленскага на адрас Мінска”.

Пасля гэтага Лукашэнка наведаў Кітай і сустрэўся са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, які выступіў у абарону “дзяржаўнага суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці” Беларусі, а таксама выбару “шляху развіцця, які адпавядае яе ўласным нацыянальным умовам”. Потым палітык пабываў у Інданезіі і М’янме, сустрэўся з кіраўніцтвам гэтых краін.

Падзяліцца: