Мінск 23:31

У 25 раёнах забаронена наведваць лясы

2 ліпеня, Позірк. У 25 раёнах Беларусі ўведзеныя забароны на наведванне лясоў, сведчыць інтэрактыўная карта на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

У Гомельскай вобласці наведваць лясы забаронена ў Кармянскім, Веткаўскім, Чачэрскім, Добрушскім, Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Лоеўскім, Брагінскім, Хойніцкім, Нараўлянскім, Ельскім, Лельчыцкім, Жыткавіцкім, Петрыкаўскім, Кастрычніцкім і Светлагорскім раёнах, у Мінскай — у Салігорскім, Любанскім, Барысаўскім і Мядзельскім, у Віцебскай — у Лепельскім і Чашніцкім, у Брэсцкай — у Лунінецкім і Столінскім. Таксама забарона дзейнічае ў Магілёўскім раёне.

У 49 раёнах дзейнічаюць абмежаванні, пры якіх у лясы нельга заязджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы, але даступныя пешыя прагулкі і збор ягад і грыбоў. Гэта Калінкавіцкі, Рэчыцкі, Жлобінскі, Рагачоўскі раёны (усе — Гомельская вобласць), Глускі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Кіраўскі, Клічаўскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Круглянскі, Шклоўскі, Горацкі, Дрыбінскі, Мсціслаўскі, Чавускі, Слаўгарадскі, Крычаўскі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Чэрыкаўскі, Хоцімскі, Касцюковіцкі (усе — Магілёўская), Крупскі, Бярэзінскі, Чэрвеньскі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Слуцкі, Мінскі, Дзяржынскі, Пухавіцкі, Уздзенскі (усе — Мінская), Дубровенскі, Аршанскі, Талачынскі, Лёзненскі, Сенненскі, Віцебскі, Бешанковіцкі, Шумілінскі, Полацкі, Ушацкі, Мёрскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Браслаўскі, Шаркаўшчынскі (усе — Віцебская).

У астатніх 44 раёнах можна свабодна наведваць лясы.

Паводле інфармацыі Белгідрамета, 3 ліпеня максімальная тэмпература паветра днём складзе ад 24 градусаў па паўночным захадзе да 27 на поўдні і ўсходзе краіны. На большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца дажджы і навальніцы.

Падзяліцца: