Мінск 23:42

Белгідрамет: 29 чэрвеня быў не толькі найбольш гарачы дзень у гісторыі, але і адна з найбольш гарачых начэй

Ілюстрацыя: "Позірк"

2 ліпеня, Позірк. 29 чэрвеня быў не толькі найбольш гарачы дзень у гісторыі, але і адна з нацбольш гарачых начэй, паведамляе Белгідрамет.

У Гродне і Брэсце мінімальная тэмпература паветра склала 24,7 і 23,5 градуса вышэй за нуль адпаведна. Самая гарачая трапічная ноч з мінімальнай тэмпературай паветра 25,8 градуса была зарэгістраваная ў Віцебску 8 жніўня 2010 года. У той жа дзень у Гомелі быў зафіксаваны новы нацыянальны тэмпературны рэкорд — 38,9 градуса, які 29 чэрвеня гэтага года быў перакрыты ў Пінску — 40,4.

Паводле звестак Белгідрамета, чэрвень быў цяплейшы за норму на 1,3 градуса: сярэдняя тэмпература дасягнула 18,3 градуса. Больш чым на 20 метэастанцыях абнавіліся рэкорды як чэрвеня, так і за ўвесь перыяд інструментальных метэаназіранняў (для кожнай станцыі свой).

Мінімальная тэмпература паветра склала 0,1 градуса вышэй за нуль (уначы 1 чэрвеня на станцыі “Палеская” ў Лунінецкім раёне).

За месяц выпала 66 мм ападкаў, або 66 л вады на квадратны метр тэрыторыі. Гэта 92% кліматычнай нормы.

12 чэрвеня ў Мсціславе адзначаны град дыяметрам да 32 мм, які падпадае пад крытэрый небяспечнай метэаралагічнай з’явы (20 мм і больш).

7 і 8 чэрвеня на трох гідрапунктах (ГП) і адной метэастанцыі колькасць ападкаў дасягнула крытэрыю небяспечнай з’явы (50 мм і больш за 12 гадзін). Вельмі моцны лівень назіраўся 7 чэрвеня ў раёне ГП Гарадзішча на рацэ Друць у Быхаўскім раёне — 84 мм. На наступны дзень вельмі моцны дождж быў на ГП Чэрнічы (рака Прыпяць, Жыткавіцкі раён) — 71,4 мм, ГП Нарач — 65,8 мм і ў Слуцку — 51,8 мм.

Максімальная хуткасць ветру адзначаная ў Брагіне 22 чэрвеня — 23 м/с.

Падзяліцца: