Мінск 17:13

Беспілотнік атакаваў пасажырскі аўтобус Мінск — Анапа на беларуска-расійскай мяжы — СМІ

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

2 ліпеня, Позірк. Пра ўдар беспілотніка па аўтобусе Мінск — Анапа на пераходзе “Чырвоны камень” на мяжы Гомельскай і Бранскай абласцей паведамляюць беларускія і расійскія СМІ, а таксама тэлеграм-каналы.

Паводле даных news.by, 2 ліпеня ў 11:55 у раёне населенага пункта Чырвоная гара Бранскай вобласці на аўтастаянцы “ў транспарт уляцеў беспілотнік“ (у загалоўку называецца “дронам УСУ“. — “Позірк”.). У аўтобусе знаходзілася 19 пасажыраў.

Адзначаецца, што “ў выніку два кіроўцы, ураджэнцы Гомельскай вобласці, атрымалі лёгкія раненні”. “Ім аказана неабходная медыцынская дапамога. Для эвакуацыі пасажыраў і кіроўцаў з Гомеля ўжо выехала спецгрупа“, — гаворыцца ў паведамленні.

“Два кіроўцы, у іх лёгкія траўмы, ім аказалі дапамогу на месцы. І чакаем аўтобус, які іх даставіць дадому, ад шпіталізацыі ў Бранску, яны адмовіліся“, — цытуе дзяржСМІ крыніцу ва ўрадзе Бранскай вобласці.

Паведамляецца, што пасля атакі памежны пераход быў зачынены, на пад’ездзе да яго “назапасіліся легкавыя аўтамабілі і аўтобусы“.

Першымі пра атаку паведамілі расійскія тэлеграм-каналы, якія распаўсюджваюць інсайдэрскую інфармацыю і, як мяркуецца, звязаныя са спецслужбамі РФ. Яны абвінавацілі ў тым, што адбылося, Узброеныя сілы Украіны.

17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі Рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 (Гомельская вобласць) трапіў пад удар у Бранскай вобласці РФ. У транспартным сродку, які рухаўся з Рэчыцы ў Геленджык, знаходзіліся 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння. Там жа былі ўдзельнікі мясцовай танцавальнай студыі.

Сярод людзей, якія суправаджалі дзяцей, была жонка трэнера з Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула.

Расійскі і беларускі бакі абвінавацілі ў атацы Украіну, у Кіеве дачыненне да інцыдэнту адмаўляюць.

Падзяліцца: