Мінск 21:13

Лукашэнка выступіў за актывізацыю адносін з М’янмай, дзе кіруе ваенная хунта

2 ліпеня, Позірк. За актывізацыю адносін з М’янмай выступіў Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня на сустрэчы з прэзідэнтам гэтай краіны Мін Аўнам Хлайнам, паведамляе прэс-служба беларускага палітыка.

“Нам трэба паскарацца. Вы бачыце, што адбываецца ў свеце. Свет развіваецца вельмі бурна, вельмі часта непрадказальна. Мы таксама гэта бачым. Гэтую непрадказальнасць у свеце мы павінны перасягнуць актыўнымі дзеяннямі”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, неабходна “даць старт новай ступені развіцця адносін“ паміж краінамі.

Лукашэнка павіншаваў Хлайна з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах: “Гэта здарылася. Вы перамаглі. Перамаглі безумоўна, безагаворачна. Я віншую вас з гэтай перамогай”.

Мін Аун Хлайн у сваю чаргу звярнуў увагу, што гэта ўжо пятая яго сустрэча з Лукашэнкам, а яго цяперашні візіт у М’янму “сведчыць аб дынамічным развіцці ўзаемадзеяння дзвюх краін, высокім узроўні беларуска-м’янманскіх адносін“.

Візіт Лукашэнкі ў М’янму праходзіць 2 ліпеня.

Ён наведваў з афіцыйным візітам М’янму 27–28 лістапада 2025 года.

Сёлета 18 чэрвеня Лукашэнка падпісаў закон аб ратыфікацыі міжурадавага пагаднення Беларусі і М’янмы аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах.

25 траўня Мінск наведаў міністр абароны М’янмы Туна Аунга.

3 красавіка Лукашэнка “ад імя суайчыннікаў і сябе асабіста” павіншаваў Мін Аун Хлайна з “абраннем на пасаду прэзідэнта” краіны.

У той дзень парламент М’янмы выбраў ім лідара хунты, які ўзначаліў ваенны пераварот у 2021 годзе. У выніку перавароту быў зрынуты дэмакратычна абраны ўрад дзяржаўнага дарадцы Аун Сан Су Чжы (лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру); яна і прэзідэнт Він М’ін былі арыштаваныя.

Пераварот выклікаў масавыя пратэсты, якія перараслі ў грамадзянскую вайну. Паводле ацэнак арганізацыі ACLED (Аrmed Conflict Location & Event Data), у ходзе поўнамаштабнай грамадзянскай вайны агульная колькасць загінулых магла перавысіць 90 тыс. чалавек на пачатак 2026 года.

Вынікі выбараў у М’янме не прызнаюцца апазіцыяй і дэмакратычнымі краінамі.

Падзяліцца: