Мінск 00:30

Дуда запэўніў Ціханоўскую ў далейшай падтрымцы беларусаў

Архіўнае фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

22 чэрвеня, Позірк. Аб праведзенай у Кракаве сустрэчы дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай c экс-прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам паведаміў “Позірку” галоўны дарадца беларускага палітыка Франак Вячорка.

На сустрэчы Дуда запэўніў, што “і надалей будзе казаць пра Беларусь і падтрымліваць тых, хто змагаецца за свабоду і дэмакратычныя перамены”, адзначыў Вячорка. Паводле яго слоў, былы польскі прэзідэнт таксама заявіў, што “яго офіс у Кракаве заўсёды адкрыты для беларускіх мерапрыемстваў, пры гэтым беларусы і далей могуць разлічваць на яго падтрымку”.

Бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і Украіне, адносіны з ЗША, працэс вызвалення палітвязняў, а таксама “магчымыя сцэнарыі завяршэння вайны ва Украіне”.

Паводле інфармацыі Вячоркі, Ціханоўская падзякавала Дудзе за “шматгадовую падтрымку Беларусі” і адзначыла, што ініцыятывы, пачатыя ім падчас прэзідэнцтва, уключаючы традыцыйны калядны прыём для беларусаў, працягваюцца і сёння.

Ураджэнец Кракава Дуда быў прэзідэнтам Польшчы ў 2015–2025 гадах. Раней Ціханоўская неаднаразова з ім сустракалася.

Падзяліцца: