Мінск 21:05

КДБ дадаў у спіс “тэрарыстаў” 20 чалавек

Ілюстрацыйнае фота: Генпракуратура

22 чэрвеня, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі дадаў 20 чалавек у пералік “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, вынікае з абноўленага спісу, апублікаванага 22 чэрвеня ў тэлеграм-канале спецслужбы (дакумент датаваны 11 чэрвеня).

Цяпер у пераліку 1.458 пазіцый.

Пералік папоўніў палітвязень, член руху “За Свабоду” Віктар Яўмененка, які раней папоўніў таксама і спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”. Падставай для ўключэння ў спіс “тэрарыстаў” стала ўступленне ў сілу прыгавора суда, у прыватнасці, паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса.

Таксама ў спіс уключаныя прызнаныя раней палітвязнямі і “экстрэмістамі“ Ганна Стрюкова, Галіна Фралова, Вольга Байкоўская і Вольга Вашчанка, асуджаныя на розныя тэрміны (у ліку іншага паводле арт. 130) па справе “экстрэмісцкага фарміравання “Руская праваслаўная царква Царскай Імперыі”.

На падставе таго ж артыкула ў спіс “тэрарыстаў“ уключаныя раней прызнаныя і “экстрэмістамі“ палітзняволеныя Наталля Чубоўская (5 гадоў і 5 месяцаў пазбаўлення волі па справе “Беларускага Гаюна“) і Людміла Пракапеня (тэрмін невядомы).

Арт. 130 значыцца таксама ў “тэрарыстаў“ Дзмітрыя Барысевіча, Руслана Зубкова і Юрыя Очкаса (уключаны ў спіс “экстрэмістаў”).

Таксама ў спісе “экстрэмістаў” значацца ўключаныя ў “тэрарыстычны” спіс КДБ Арыстарх Крукоўскі, Аляксандр Катлянік, Андрэй Мацюк, Мікалай Тарасенка (усе — арт. 361) і Сяргей Стасенка (арт. 289, 295 і 309).

У спіс “тэрарыстаў” уключаны асуджаны завочна да 19 гадоў пазбаўлення волі экс-баец палка Каліноўскага Максім Шабуцкі (арт. 293 і 361) і асуджаны завочна да 12 гадоў пазбаўлення волі былы дырэктар алімпійскага цэнтра па фрыстайле Вадзім Крывашэеў (арт. 361).

Спіс папоўніў асуджаны паводле арт. 130 і ўжо вызвалены сёлета ў траўні экс-палітвязень і былы журналіст Аляксандр Любянчук.

Надзеі Сычугавай і Аляксандру Чарняковічу, якія папоўнілі пералік, паводле звестак КДБ, выстаўленыя абвінавачванні паводле арт. 2891, 2901 і 361 КК.

Даведка “Позірку”:

арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 289 — акт тэрарызму;

арт. 2891 — прапаганда тэрарызму;

арт. 2901 — фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці;

арт. 293 — масавыя беспарадкі;

арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;

арт. 309 — наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін;

арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы.

Падзяліцца: