Мінск 19:20

Беларуска не змагла ўвезці з Польшчы 11 рарытэтных прадметаў

Фота: ДМК

22 чэрвеня, Позірк. Аб спыненні спробы “незаконнага перамяшчэння праз мяжу культурных каштоўнасцяў” паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Адзначаецца, што рарытэты спрабавала ўвезці праз пункт пропуску Брузгі (з польскага боку — Кузніца) грамадзянка Беларусі — пасажыр легкавога аўтамабіля. Яна заявіла аб адсутнасці тавараў, якія падлягаюць дэклараванню.

Пры аглядзе багажу беларускі выяўленыя “карэтны і кішэнны гадзіннік, бронзавы бюст, футляры з металу з устаўкамі са шкла і іншыя прадметы ў колькасці 18 адзінак”, гаворыцца ў паведамленні.

“11 з іх, створаных больш за 50 і 100 гадоў таму, эксперт мытнай лабараторыі прызнаў культурнымі каштоўнасцямі. Гэтыя прадметы, агульным коштам каля трох тысяч еўра, канфіскаваныя да рашэння суда”, — падкрэслівае ДМК.

У дачыненні да жанчыны распачаты адміністрацыйны працэс паводле ч. 4 арт. 15.5 КаАП (недэклараванне альбо прадстаўленне недакладных звестак аб таварах).

Падзяліцца: