Мінск 17:40

16-гадовы пасажыр загінуў у ДТЗ у Клічаўскім раёне, 41-гадовы бяспраўнік — пад Брэстам

22 чэрвеня, Позірк. Аб двух смяротных дарожна-транспартных здарэннях паведамляюць тэрытарыяльныя ўпраўленні МУС.

21 чэрвеня каля 21:00 здарылася аварыя ў Клічаўскім раёне (Магілёўская вобласць): на 2-ым кіламетры аўтадарогі Клічаў — Смалярня — Буднеў 16-гадовы кіроўца, знаходзячыся за рулём “Опель Астра”, не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у левы па ходзе руху кювет і перакуліўся.

Адзначаецца, што ў выніку ДТЗ 16-гадовы пасажыр аўтамабіля загінуў на месцы, “яшчэ адна дзяўчына з траўмамі шпіталізаваная ў бальніцу”.

41-гадовы жыхар Брэсцкага раёна загінуў у аўтааварыі таксама 21 чэрвеня. Каля 12:20, не маючы права кіравання транспартнымі сродкамі, ён рухаўся на аўтамабілі “Аўдзі” па аўтадарозе Лышчыцы — Люта — Высокае.

Паводле папярэдняй інфармацыі, на 5-м кіламетры дарогі мужчына не справіўся з кіраваннем, выехаў за межы праезнай часткі, дзе здзейсніў наезд на прыдарожнае дрэва.

У выніку ДТЗ кіроўца загінуў на месцы здарэння.

Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў знізілася ў Беларусі за год на 5,5% (з 3.453 у 2024-м да 3.262 у 2025-м), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўміраваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: